1 cьнежня адбылася нарада ў Адміністрацыі прэзыдэнта па пытаньні пабудовы ў нашай краіне атамнай электрастанцыі. Навукоўцы-тэхнары з Нацыянальнай акадэміі навук выказаліся за пабудову ў Беларусі такой станцыі адзінагалосна. Быў ухвалены дакумэнт, які прадугледжвае пачатак будаўніцтва ўжо з канца гэтага году -- тэмпы проста ўражваюць.

На нарадзе прысутнічаў кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка, які чарговы раз заявіў, што пабудова АЭС – гэта ледзьве не адзіны шлях, які дазволіць захаваць у краіне энэргетычную бясьпеку. «Цэны на энэргарэсурсы, якія ўвесь час растуць, настойліва прымушаюць нас шукаць новыя аптымальныя варыянты разьвіцьця беларускай энэргетыкі», – сказаў А.Лукашэнка.

Летась Беларусь была вымушаная заплаціць за замежныя энэргарэсурсы больш за 5 мільярдаў даляраў ЗША. Гэта складае амаль пятую частку ВУП краіны. Налета, з ростам цэнаў на расейскі газ, сытуацыя ўскладніцца. Доля імпартаваных энэргарэсурсаў складае 85%. Пабудова ўласнай АЭС магутнасьцю 2 кВт дазволіць Беларусь штогод эканоміць каля 4,5 млрд кубамэтраў газу.

А.Лукашэнка сказаў, што першыя энэргаблёкі атамнай станцыі мусяць быць узьведзеныя яшчэ ў 2013 годзе, хаця раней гаворка вялася пра 2015 год. Месцам для пабудовы беларускай АЭС абраная Краснапалянская пляцоўка ў Чавускім раёне, што на Магілёўшчыне. Аднак канчатковае рашэньне пра разьмяшчэньне будзе прынятае па выніках дадатковых геалягічных і экалягічных досьледаў, сэйсьмічных і тэктанічных паказьнікаў.

«Гэта аргумэнтаваная і ўзгодненая пазыцыя. Навукоўцы глядзелі ня толькі з нашых унутраных патрэбаў у энэргіі, але скарысталі ўвесь сусьветны досьвед, які сьведчыць, што ў будучыні ядзерная энэргетыка стане асноўным сродкам пераадоленьня глябальнага энэргетычнага крызісу», – падае словы А.Лукашэнкі агенцтва БелТА.

А.Лукашэнка ўпэўнены, што пры належным інфармаваньні па пытаньні энэргабясьпекі і атамнай энэргетыкі беларускі народ адкіне ўбок усе свае фобіі, што датычыць АЭС, і згодзіцца на яе пабудову. Раней Лукашэнка казаў, што рашэньне аб пабудове атамнай ЭС будзе прынятае толькі са згоды насельніцтва, праз рэфэрэндум, аднак цяпер выглядае, што ніякага рэфэрэндуму ня будзе.

Супрацоўніца міністэрства эканомікі Беларусі Ніна Тагановіч кажа, што пабудову ў Беларусі АЭС варта разглядаць з двух бакоў. Станоўчага і адмоўнага.

Да станоўчага, на думку Н.Тагановіч, адносяцца выцясьненьне арганічнага паліва ў балянсе энэргарэсурсаў і дывэрсыфікацыя імпарту энэргарэсурсаў ў разьлік закупкі ядзернага паліва ў другіх краінах, а не ў Расеі. Да адмоўных жа, высокая капіталаёмкасьць аб’екту, тэндэнцыя росту цэнаў на ядзернае паліва, зьяўленьне ў краіне аб’екту з павышанай патэнцыйнай небясьпекай для навакольнага асяродзьдзя.

"Пры выбары краіны, якая будзе гэту станцыю будаваць, мы павінны паставіць у гэтым пляне самую жорсткую ўмову", -- падкрэсьліў А.Лукашэнка. Найбольш імаверным выглядае, што пабудовай АЭС зоймецца расейскі, францускі ці нямецкі бок, раней таксама разглядаўся іранскі варыянт, але ад яго пакуль вырашана было адмовіцца. Расейскі варыянт таньнейшы, але менш надзейны.

Каштаваць пабудова станцыі для Беларусі будзе ў межах 2,5-5 млрд даляраў, канчатковы каштарыс яшчэ ня падлічаны. Забясьпечваць энэргіяй АЭС зможа 25% тэрыторыі Беларусі.

Варта адзначыць, што беларускае грамадзтва па сёньня неадназначна ўспрымае ідэю пабудовы ў нашай краіне АЭС, бо яшчэ ня сьцёрліся ўспаміны ад страшнай катастрофы, што адбылася на Чарнобыльскай станцыі ў 1986 годзе, калі радыяцыяй былі заражаны дзесяткі беларускіх раёнаў.

Супраць будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі катэгарычна выказваецца трохразовы алімпійскі чэмпіён у веславаньні, былы дэпутат палаты прадстаўнікоў Уладзімер Парфяновіч. «Я ўвогуле супраць атамнай энэргетыкі, а ў беларускіх умовах яна небясьпечная ўдвая, – кажа У.Парфяновіч. – Беларусь ужо перажыла Чарнобыль, таму на другую такую рызыку мы ня маем права. Яшчэ адзін пункт: зараз мы будуем атамную станцыі, пасьля захочам займець атамную бомбу».

Рэфэрэндумы па пытаньні пабудовы АЭС Уладзімер Парфяновіч лічыць бессэнсоўнымі, бо нашы ўлады на думку экс-чэмпіёна, «напішуць усё адно тыя лічбы, якія захочуць».

Атамныя станцыя маюць таксама сумежныя зь Беларусьсю краіны – Расея, Украіна, прынятае рашэньне пра пабудову АЭС у Польшчы, а прыбалтыйскія краіны вырашылі распачаць будаўніцтва адной АЭС на тры краіны на базе былой Ігналінскай у Літве.

У сьвеце тэндэнцыя на будаўніцтва АЭС у цэлым не зьніжаецца. Праграмы атамнага будаўніцтва разгортваюць Кітай і Францыя. Лічыцца, што сумарная шкода ад выкідаў з цеплавых электрастанцый большая, чым ад атамных.

У мэтах энэргетычнай бясьпекі АЭС для Беларусі сапраўды патрэбна. Ніякіх альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі ў краіне не праглядаецца.

З гісторыі атамнай станцый у Беларусі

У 1983 у Беларусі пачалі будаўніцтва электрастанцыі на ядзерным паліве – Менскай АЦЭЦ. Адначасова вялася гаворка пра пабудову асобнай атамнай станцыі магутнасьцю 6 млн кВт, аднак пасьля Чарнобылю гэтыя працэсы замарозілі. У 2001 урад Навіцкага меркаваў укласьці грошы ў дабудову Смаленскай АЭС, якая магла б пастаўляць энэргію ў Беларусь. Тым самым меліся забіць двух зайцоў: атрымаць энэргію і ўнікнуць пабудовы станцыі за межамі краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?