Водгукі на публікацыі на інтэрнэт-старонцы «Нашай Нівы» даволі хутка надакучвае чытаць.

Дурні ў бібліятэцы

Мой бацька прызвычаіўся друкаваць свае тэксты на пішучай машынцы. Шмат дзесяцігодзьдзяў нямецкая, яшчэ гэдээраўская «Эрыка» служыла яму верай і праўдай. Калі яна ламілася, бацька аддаваў яе майстру, і той рамантаваў яе за невялікую плату. Нядаўна яна зламілася чарговы раз, і цяпер гэта абярнулася сапраўднай драмай. Раптам выявілася, што не засталося ўжо майстроў, якія рамантуюць машынкі. А калі б нехта й узяўся б – усё адно няма запчастак. Нават стужкі для машынак даўно ўжо не выпускаюць. Некаму сітуацыя можа падацца сьмешнай. Вось дзівак – друкаваў бы на кампутары, якія праблемы?

Для некаторых людзей гадоў майго бацькі трагедыі, сапраўды, няма. Яны асвоілі і кампутар, і электронную пошту, і з Інтэрнэтам даўно на «ты». Але для майго бацькі, у якога зь дзяцінства былі праблемы зь любой тэхнікай (рыса, якую, на жаль, атрымаў у спадчыну і я) гэтая задача аказалася не пад сілу. Кампутар яго ня слухаецца, пачынае «глючыць» і капрызіць, як толькі бацька да яго падыходзіць. (Здаецца, фізыкі колісь назвалі гэта «сындромам Паўлі». Кажуць, як толькі выдатны нямецкі тэарэтык Паўлі ўваходзіў у экспэрымэнтальную лябараторыю, дык адразу ўсе прыборы там ламіліся.)

Тым ня менш, навінамі, якія зьяўляюцца ў Інтэрнэце, на грамадзка-палітычных сайтах, бацька жыва цікавіцца, просіць для яго раздрукоўваць публікацыі. Тым ня менш, да Інтэрнэту як зьявы ён ставіцца зь вялікім падазрэньнем. (Як, дарэчы, і выдатны пісьменьнік- фантаст Станіслаў Лем, які папярэджваў, што Інтэрнэт прынясе чалавецтву непрыемнасьці, у параўнаньні зь якімі ядзерная катастрофа падасца дзіцячай гульнёй.)

Асаблівы недавер і іронію выклікаюць у майго бацькі звыклыя параўнаньні Інтэрнэту з своесаблівай гіганцкай бібліятэкай, дзе захоўваюцца амаль усе сучасныя веды (прычым сусьветная літаратура займае досыць невялікую частку гэтых ведаў). На ягоную думку, невук альбо дурань, якога пусьцілі раптам у бібліятэку Кангрэсу, не перастане быць ад гэтага невукам альбо дурнем. А чалавек, у якога ёсьць думкі, можа данесьці іх да сьвету неабавязкова праз пасярэдніцтва глябальнага Сеціва. Галоўная ўмова – каб яны былі.

І тут, рызыкуючы падацца безнадзейным рэтраградам, я мушу пагадзіцца з маім бацькам. Найвялікшае вынаходніцтва апошняй траціны мінулага стагодзьдзя – Інтэрнэт – дагэтуль не прынесла людзям ані сапраўдных ведаў, ані шчасьця. Як не прынесьлі яго перад тым, карыстаючыся словамі Ільфа й Пятова, прымус і аўтаручка.

Пакаленьне «гэймэраў»

Хай сучасныя маладзёны, якіх ужо назвалі пакаленьнем «гэймэраў», раней асвойваюць кампутар, чым ровар (калі ўвогуле яго асвойваюць) і маюць хуткую рэакцыю, натрэніраваную ўдумлівай гульнёй у «Дум». Гэта не азначае, што яны спрэс навучыліся думаць ці хаця б чытаць і пісаць. Асабліва пісаць. Я ня маю на ўвазе «падонкаўскую мову», прыдуманую групай юных геніяў расейскага ЖЖ («Превед, Медвед!», «Аффтар жжот!» і «Аффтар, выпей йаду», «В Бабруйск, жывотнае!» зрабіліся неад’емнай часткай жывой мовы ў Сеціве). У параўнаньні з мовай пераважнай большасьці чатаў і форумаў на ўсіх без выключэньня сайтах мова «падонкаў» выглядае ўзорам прыгожага пісьменства.

Перапіска на форумах мне асабіста больш за ўсё нагадвае «графіці» ў грамадзкіх прыбіральнях, дзе фантазія і сьмеласьць ананімных аўтараў насьценных надпісаў абмежаваная няразьвітым густам і мізэрным наборам моўных сродкаў.

Справа ў тым – і аб гэтым папярэджваў Лем, – што ўся summa tehnologiae Зямлі ёсьць нічым іншым, як усяго толькі мыліцамі для чалавецтва, свайго роду ягонымі пратэзамі. Калі патрэбныя больш сучасныя аналёгіі – калі ласка, можна ўспомніць мэханічныя маніпулятары, з дапамогай якіх працуюць, напрыклад, з радыяактыўнымі дэталямі ў адмысловых боксах. Калі чалавек ня ўмее граць на фартэпіяна, дык гэтыя маніпулятары яму нічым не дапамогуць. А калі ідыёту даць у рукі мікрафон…Самі ведаеце, што з гэтага выйшла.

Так, Інтэрнэт ня можа замяніць сабой камунікаваньня паміж людзьмі, якія ня ўмеюць і ня любяць камунікаваць з сабе падобнымі. Інтэрнэт дае магчымасьць імітацыі чалавечай камунікацыі, чагосці кшталту «ананімнага сэксу» замест каханьня. Не выпадкова пераважную частку Сеціва складаюць парнасайты і блогі.

Зразумела, ўсё сказанае пакуль у найменшай ступені тычыцца беларускага Інтэрнэту – дакладней, беларускамоўнае яго часткі. Для таго, каб у наш час карыстацца беларускай мовай у Сеціве, трэба, як мінімум, ведаць яе хаця б аб’ёме пачатковых клясаў, а па-другое – імкнуцца да чагосьці, што не ўваходзіць у сучасны стандартны набор матэрыяльных выгодаў.

Дарэчы, менавіта пакаленьне «гэймэраў» у Беларусі ўспрыняло сёлета ў сакавіку маральны імпэратыў усур’ёз і выйшла пасьля выбараў на Плошчу, рашуча адарваўшыся ад крэслаў ля кампутараў.

Немаўля ў пустыні

Зразумела, і валоданьне беларускай мовай таксама яшчэ ня робіць чалавека адукаваным, інтэлектуальным ці хаця б ветлівым і прыстойным. Водгукі на публікацыі на інтэрнэт-старонцы «Нашай Нівы», як правіла, даволі хутка надакучвае чытаць. І не таму, што ўдзельнікі дыскусіі амаль адразу забываюцца на прадмет гутаркі і зь лёгкасьцю пераскокваюць з аднае тэмы на іншую. А таму, што, як правіла, іх увогуле не цікавіць нічые думкі, акрамя ўласных. (Хаця многія аўтары, за адсутнасьцю ўяўленьня аб лёгіцы, за думку прымаюць меркаваньне ці проста сьцвярджэньне.) Далёка не ва ўсіх спрэчках нараджаюцца ісьціны. Ананімны водгук у Інтэрнэце, як і надпіс у прыбіральні, мае на мэце зусім не высьвятленьне, хто мае рацыю, а хто – не. Іхная супольная мэта – самасьцвярджэньне любой цаной. За кошт бліжняга, зразумела.

Вось нехта Litvin (наколькі можна меркаваць, ён жа – Язэп Сыч) піша, што ён ніколі ня будзе называць сябе прыніжальным словам «белорус», як ня будзе называць родную Літву «Беларусьсю». Бо гэта, на ягоную думку, рабскае слова, і ўсе, хто ім карыстаецца – рабы, альбо калябаранты. Гісторыя Літвы, натуральна, сканчваецца XVII стагодзьдзем, пасьля чаго пачынаецца гісторыя акупацыі Бацькаўшчыны. (Я наўмысна ўтрырую і аб’ядноўваю розныя выказваньні розных аўтараў у адну тэзу, паколькі не зьбіраюся зь імі спрачацца – гэтыя выказваньні, спатрэбіліся мне толькі дзеля ілюстрацыі.) Такім чынам, у гісторыі не застаецца месца ні для БНР, ні для беларусізацыі, ні для Інбелкульту, ні для беларускіх акадэмікаў, ці пісьменьнікаў (асабліва, тых, хто загінуў у гады сусьветнай вайны ад нямецкіх куль – бо акупацыяй жа, паводле вызначэньня, можа быць толькі расейская.) Нікога й нічога не было – ні ў ХІХ стагодзьдзі, ні ў ХХ-м. Чаго зьдзіўляцца, што і 100-годзьдзе «Нашай Нівы» прайшло амаль нікім не заўважаным.

Не было нічога добрага, вядома, і ў Рэспубліцы Беларусі на пачатку 1990-х гадоў, паколькі не было інтэлігенцыі, а кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў Беларусі было «самым згодніцкім» (гэта ўжо з выказваньняў Андрэя Дынька). Не гісторыя, а суцэльная культурніцкая пустыня. Nihil.

І толькі аднаму пакаленьню – сучаснаму, іншымі словамі – «сабе, любімым» робяць выключэньне аўтары падобных інвэктываў. Нехта даўно заўважыў парадокс: няма нічога больш аднастайнага і кансэрватыўнага ў літаратуры і мастацтвы за авангард. Кожнага разу новае пакаленьне «мадэрністаў» скідвае з «парахода сучаснасьці» Байрана, Пушкіна, Багушэвіча, Коласа з Купалам, Быкава. (Дарэчы, Быкаў, як бы на гэтым ні настойваў адзін зь віртуальных наведнікаў «Нашай Нівы» ніколі не называў беларусаў «тупаватымі». Тыповы беларускі пэрсанаж Рыбак – здраднік, але ён зусім не тупы, у тым і трагедыя.)

Пачынаць кожнага разу зь сябе, то бок – з нуля, з сваёй уласнай творчасьці, быццам нікога і нічога вартага ўвагі не было да цябе на зямлі – гэта рыса, тлумачальная і даравальная ў падлетка. Дзіцячы нэгатывізм. У пераходным узросьце, як вядома, найбольш цэніцца фізычная сіла, а не інтэлект. Асаблівасьць нашага часу палягае на тым, што пад сілай разумеюцца ўжо ня толькі мускулы, але ўменьне карыстацца «маніпулятарамі» – напрыклад, тым самым Інтэрнэтам. Любая нацыя праходзіць цераз хваробу росту.

Вось толькі хвароба зацягнулася. Біцэпсы і нават другасныя полавыя прыкметы ўжо зьявіліся, а твар – як у немаўляці, якому не даюць цукерку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?