2-гі Фэстываль беларускамоўнай рэклямы і камунікацый AD.NAK! ад сёньняшняга дня распачынае прыём конкурсных працаў. Працы будуць прымацца да 6 чэрвеня. Асноўны фэстывальны дзень падвядзеньня вынікаў — 23 чэрвеня. Конкурсная праграма 2011 году будзе значна пашыраная за кошт новых тэмаў і кірункаў.

Мэтай першага фэстывалю AD.NAK! было імкненьне акрэсьліць становішча беларускамоўнай рэклямы і сабраць максымальную колькасьць працаў і ўдзельнікаў. На конкурс было пададзена 105 работ 59 удзельнікаў, у конкурсе маладых рэклямістаў — 15 работ ад 9 удзельнікаў і камандаў. Вядоўца імпрэзы заўважыў:

«Арганізатары зьяўляюцца вялікімі аптымістамі, бо яны працуюць на пэрспэктыву. У краіне, дзе ўвогуле з рэклямай ня густа, праводзіць фэстываль беларускамоўнай рэклямы — гэта гераізм. Але рэкляма і камунікацыі на беларускай мове ёсьць».

У першым фэсьце бралі ўдзел і ўсясьветна вядомыя брэнды — Samsung, Renault, Ceresit. На прэзэнтацыі былі прадэманстраваныя найлепшыя відэа- і аўдыёролікі, плякаты, лягатыпы, прадстаўлены пераможцы ў розных намінацыях. Па выніках выпусьцілі буклет. Каардынатар кампаніі «Будзьма» Алена Макоўская мяркуе:

«Паводле ацэнак „Marketing.by“, працаў сёлета будзе ня менш, чым на мінулым фэстывалі. Мы на гэта спадзяемся. Нам вельмі цікавая сытуацыя, бо мы публікавалі вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня: 37% беларусаў лічаць, што рэкляма павінна быць пераважна па-беларуску. І гэтая інфармацыя быццам бы недзе „завісла ў паветры“: ці яе ня чуюць, ці ня хочуць нейкім чынам асэнсоўваць. Таму мы ўсё ж такі імкнемся прыйсьці да людзей і паказаць, што сапраўды беларуская мова ёсьць вельмі якасным інструмэнтам камунікацыяў, яна зьвяртае на сябе ўвагу, яна ўспрымаецца абсалютна добра і пазытыўна спажыўцамі».

Сёлета фэстываль беларускамоўнай рэклямы AD.NAK! атрымаў лягічны працяг і разьвіцьцё. Разам са звычайнай рэклямай і PR значная ўвага будзе надавацца працам, скіраваным на папулярызацыю розных культурніцкіх праектаў, кажа кіраўнік інтэрнэт-рэсурсу «Marketing.by» Сяргей Скараход:

«Мы наўмысьля ўзялі крэн у бок розных культурніцкіх праектаў, усяго, што зьвязана з культурай і мастацтвам. Мы хочам, каб вакол фэстывалю цягам гэтых трох месяцаў адбывалася бурнае жыцьцё, яркія падзеі, якія б залучылі маладых рэклямістаў».

Сёлета значная пашырылася колькасьць намінацыяў у катэгорыях «Інтэрнэт-рэкляма», «Рэклямныя PR-кампаніі, прома-акцыі ды іншыя праекты». Апроч рэклямы і прамоцыі, у фэсьце возьмуць удзел іншыя камунікатыўныя праекты: фотапленэры, выставы, выдавецкія, кіна-, відэа-, тэатральныя пастаноўкі, культурніцкія, грамадзкія праекты. Упершыню будзе дзейнічаць адмысловая намінацыя «Беларускаарыентаваная рэкляма і камунікацыя», якая зьвяртае ўвагу на выкарыстаньне асаблівасьцяў беларускай культуры, гісторыі, традыцыяў і мэнтальнасьці беларусаў. Алена Макоўская кажа:

«Сёлета сымбалем нашага фэстывалю будзе не адзін клічнік, а шмат. Нашы клічнікі — гэта своеасаблівая мэтафара. З аднаго боку, гэта тое, што робяць маркетолягі, рэклямісты. Зь іншага боку — гэта наша жаданьне спраўдзіць свае мэты — зрабіць беларускамоўную рэкляму прывабнай, прыцягальнай і дзейснай».

А для тых, хто абыякава ставіцца да сваіх каранёў, установяць антыпрэмію «Каша сувораўская» — ёю адзначаць найбольш непрафэсійныя працы і падыходы ў рэкляме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?