Беларускі мовазнаўца Фёдар Янкоўскі ў вайну ўзначальваў разведку ГРУ ў Мінскім, Заслаўскім і Радашковіцкім раёнах. Многія ягоныя прызнанні і выказванні згадваюцца ў гэтыя дні. Піша Анатоль Сідарэвіч.

28 лютага я спачатку быў прыемна ўражаны заявай Алеся Міхалевіча, а потым добра пасмяяўся, прачытаўшы каментар Алега Алкаева. У гэтым каментары мяне насмяшыў наступны пасаж: «Упэўнены, што супрацоўнікі, якія працавалі з экс-кандыдатам у прэзідэнты, прадугледзелі магчымасць «раскаяння» новаспечанага агента… Лічу, што менавіта фактар наступнага «раскаяння» і быў галоўнай мэтай «вярбоўкі».

Не разумею, навошта спецслужбе спатрэбілася «наступнае раскаянне». Па-мойму, з Міхалевічам ГБ яўна пракалолася, бо ні спецслужба, ні карпарацыя, якая ўтрымлівае ўладу, ад таго, што экс-кандыдат давёў да ведама шырокай грамадскасці, ніякай выгады не займела.

Мы ведаем не аднаго завербаванага ці кандыдата ў сексоты, які публічна адмовіўся ад супрацоўніцтва з ГБ. Дастаткова назваць імёны паэтаў Алеся Емяльянава і Славаміра Адамовіча.

Спецслужбы праколваюцца і са штатнымі супрацоўнікамі. Дзясяткі савецкіх разведчыкаў і контрразведчыкаў і з КГБ, і з ГРУ перайшлі «на той бок». Генерал Алег Калугін, палкоўнік Алег Гардзіеўскі, Віктар Разун (ён жа вядомы аўтар Віктар Сувораў)... А з імі ж працавалі, да сёмага калена правяралі радавод: ці няма сваякоў за мяжою, ці не служылі ў Дзянікіна і бацькі Махно дзяды-прадзеды, ці не належаў дзед да трацкістаў, а дзедаў брат — да правых ухілістаў... І ўсё роўна былі «осечки», «недосмотры», «упущения». А пра тое, наколькі дыскваліфікавалася ГБ у найноўшы час, кажа леташняя масавая высылка расейскіх «кратоў» са Злучаных Штатаў.

Зрэшты, і ранейшыя праколы, і цяперашняя дурата расейскай і беларускай ГБ у немалой ступені тлумачыцца пачуццём беспакаранасці, усёдазволенасці. Пра гэтую дурату я наслухаўся ўжо ў 1980-я.

Ставіў жучок і забыўся акуляры

Ніколі не забуду, як размаўляў па тэлефоне і раптам пачуў голас трэцяга чалавека — знаёмца, які якраз мне тэлефанаваў. Мы паспачувалі «таварышчу маёру», што ў яго такая паганая тэхніка.

Пачуўшы гэтую гісторыю, Лявон Баршчэўскі распавёў сваю. Гутарачы па тэлефоне з Зянонам Пазняком, ён пачуў голас трэцяга дзеяча БНФ. Так, дзякуючы «таварышчу маёру», тры сябры кіраўніцтва БНФ правялі нараду.

Або гісторыя пра тое, як хлопец з «канторы», паставіўшы «жучок» у тэлефон генерала Паўла Казлоўскага, забыўся пры тым тэлефоне свае акуляры...

У нармальнай дзяржаве за такія штучкі «кампетэнтныя органы» апраўдваліся б у парламенце, іх начальства было б зганьбаванае ў друку...

У нармальнай дзяржаве, але не ў нас.

Адзін мой знаёмы разведчык, грушнік, шкадаваў, што ў дачыненні да гэбістаў не дзейнічаюць законы ваеннага часу.

Ці існуе настаўнік Сідарэвіч

...Гэтая гісторыя пачалася ў 1980-м. Мо ў лістападзе ці ў снежні я прыехаў у Мінск і зайшоў у «ЛіМ». Ледзь зачыніліся за мною ўваходныя дзверы, як з лімаўскага калідора выйшаў Мікола Гіль са жмутом папераў. Ён, без сумневаў, кіраваўся ў машыннае бюро з адрэдагаванымі, г. зн. пакрэмзанымі, тэкстамі. Убачыўшы мяне, Мікола паздароўкаўся і гукнуў у глыбіню калідора:

— Дзе Фёдар Міхайлавіч? Сідарэвіч прыйшоў.

Праз якую хвіліну з таго ж калідора ў вестыбюль павольнаю (я б сказаў асцярожліваю) ступою выйшаў невысокі чалавек...

Так адбылося маё знаёмства з разведчыкам, сябрам былых партызанаў Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка, філосафа Мікалая Крукоўскага...

Разведчыку вельмі рупіла пераканацца, што я існую насамрэч, што Анатоль Сідарэвіч — не містыфікацыя, не псеўданім.

Рэч у тым, што ў канцы кастрычніка 1980-га я надрукаваў у «ЛіМе» водгук на падручнік беларускай літаратуры для VIII класа. Падручнік, а дакладней яго аўтары — Васіль Івашын ды Міхась Лазарук, — былі вылучаныя на атрыманне Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне навукі і тэхнікі. Пра характар майго водгуку можна меркаваць па адным яго загалоўку — «Вымагае ўдасканалення». Васіль Івашын быў перакананы, што ніякага настаўніка Сідарэвіча няма, а калі і ёсць, дык нехта напісаў за яго. Гэты «нехта», не выключана, працаваў у Інстытуце літаратуры Акадэміі навук, бо там працаваў і аўтар раней надрукаванай рэцэнзіі на падручнік Уладзімір Гніламёдаў, які таксама «накідаў» заўваг. Разведчык жа, сам цяпер прафесар і доктар навук, вырашыў выведаць усё дасканала. І так здарылася, што на лаўца і звер прыбег. Бывае ж такое!..

Парукаўшыся са мною, разведчык перш-наперш праверыў інфармацыю, атрыманую ў «ЛіМе», і папытаўся, кім і дзе я працую. Калі пачутае ад лімаўцаў і ад мяне супала, пачаў капаць глыбей.

У тую хвіліну я не ведаў, што перада мною разведчык.

Пра гэта і пра іншае (напрыклад, пра тое, адкуль у яго такая асцярожлівая ступа) я даведваўся пазней з апавяданняў ягоных сяброў, і нават пасля ягонай смерці, калі, працуючы ў «Крыніцы», браў удзел у падрыхтоўцы 51-га нумара часопіса, прысвечанага ягонай постаці. А тады, у 1980-м, я ведаў, што гэты невысокі чалавек з густымі брывамі, які ўважліва глядзіць мне ў твар, — філолаг, доктар навук, прафесар. Яго кніжку прыказак і прымавак я чытаў яшчэ ў 8-м ці то ў 9-м класе.

«Фёдар Міхайлавіч зробіць лепш»

Разведчык застаўся задаволены размоваю. Цяпер ён мог сказаць Івашыну і Лазаруку, што такі настаўнік існуе насамрэч і што ён сам напісаў водгук на падручнік.

У 1981-м я стаў штатным супрацоўнікам «ЛіМа». Не скажу, што сустракаўся з разведчыкам часта. Здароўе ў яго, пажылога чалавека, да таго ж інваліда Зімовае (то бок савецка-фінскае) вайны, было не надта каб добрае. Апроч таго, ён быў чалавек заняты (кафедра, лекцыі, рэцэнзіі, кнігі...), таму не хадзіў без патрэбы ў рэдакцыі, не ўчашчаў на розныя імпрэзы.

А яшчэ разведчык быў працаголікам. Алесь Адамовіч апавядаў мне, як ён аднаго разу міжволі нашкодзіў свайму сябру. Ён стаў сведкам размовы супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства. У тых быў клопат: як падрыхтаваць і выдаць нейкі слоўнік. Адамовіч, пачуўшы гэта, узяў і шчыра сказаў ім:

— Хлопцы, дайце Фёдару Міхайлавічу, ён адзін за вас зробіць гэтую працу, і зробіць лепш.

Пасля Алесь Міхайлавіч прызнаўся:

— Сказаў і не падумаў, што гэта на шкоду Фёдару. Яны ж, інстытуцкія, і так яго не любяць...

Савецкая ўлада выхавала паліцаяў

Як я зразумеў, разведчыка з першага знаёмства задаволіла ўжо тое, што я — з Заходняй Беларусі. Да Заходняй Беларусі ў яго быў сантымент. У вайну ён, выпускнік Мінскага настаўніцкага інстытута, узначальваў разведку ГРУ ў Мінскім, Заслаўскім і Радашковіцкім раёнах.

Працуючы на ГРУ, ён пераканаўся ў згубнасці бальшавіцкай палітыкі. Нацкоўваючы ў міжваенны час адных людзей на другіх, улада падрыхтавала тых, хто падчас акупацыі пісаў даносы ў СД і ў паліцыю. Дый кадры паліцыі ў значнай меры таксама падрыхтавала бальшавіцкая ўлада, бо ў паліцыю першыя пайшлі мужчыны, пакрыўджаныя гэтаю ўладаю. Вандруючы па ўсходнебеларусіх раёнах, разведчык заўсёды стараўся нанач трапіць у заходнебеларускі — Радашковіцкі. Бо, казаў мне, людзі там былі яшчэ не разбэшчаныя: не навучыліся ўдаваць (менавіта ўдаваць, а не выдаваць) сваіх суседзяў і блізкіх. Мусіць, дзеля гэтай сімпатыі па вайне разведчык пайшоў вучыцца ў Гродзенскі педагагічны інстытут.

Тая размова пра даносчыкаў і кадры паліцыі адбылася падчас абмену думкамі пра«Знак бяды» Васіля Быкава. У рамане выведзены запамінальныя вобразы паліцаяў Гужа (пакрыўджаны) і Каландзёнка (даваенны даносчык-селькар). А яшчэ ў паліцыю ў немалой колькасці ішлі былыя супрацоўнікі НКВД. Гэта паталогія такая: у індывіда, не здольнага да стваральнай працы, ёсць патрэба ўзвышацца над іншымі, маючы зброю ў руках. І гэтага індывіда менш за ўсё цікавіць, каму ён служыць: абы зброя, абы ўлада.

Выбар словаў

Мабыць, атрымаўшы інфармацыю пра мяне ад сваіх сяброў-партызанаў, разведчык быў у размовах даволі шчыры. Мо ў го-дзе 1985-м мы ішлі з ім з Дома літаратара на Нямігу. У размове дайшлі і да нацыянальнай палітыкі бальшавіцкай партыі. І я пачуў ад камуніста такое, што не кожны беспартыйны мог сказаць. Што бальшавікі пераўзышлі ўсіх імперыялістаў падступнасцю і жорсткасцю.

Тады яшчэ ніхто не гаварыў уголас пра высяленне немцаў Паволжа, крымскіх татараў ды іншых народаў... Я іншы раз думаю: мо і добра, што разведчык не дажыў да часу, калі былы ягоны таварыш па партыі, беларус, стаўшы на чале Беларусі, на ўвесь свет зняславіў беларускую мову? Для разведчыка, які ведаў скарбы роднае мовы, гэта было б як нож у сэрца.

Я не кажу пра акуратнасць гэтага чалавека. Даследчык, які павінен быў весці картатэкі, раскладваць усё паводле пэўных прынцыпаў, падставаў для дзялення, ён не дасягнуў бы поспехаў у сваёй дзейнасці, калі б не быў на-дзелены аналітычным мысленнем, здольнасцю працаваць метадычна. Мусіць, гэтыя яго якасці заўважылі тыя, хто ўзяў яго ў разведку. Гэтаму чалавеку цяжка было трываць разбэрсанасць у працы іншых.

За ім сачылі, яго падслухоўвалі. А каго з больш-менш прыкметных дзеячаў не падслухоўвалі? Дарма, што перабудова! ГБ працавала. Тут і тое трэба мець на ўвазе, што ГРУ заўсёды супернічала з НКВД—КГБ. Пра сутычкі вайсковай разведкі і людзей Берыі—Цанавы на акупаванай немцамі тэрыторыі, здаецца, яшчэ ніхто не пісаў, а сутычкі былі. І вось аднойчы разведчыка «прарвала». Сутыкнуўшыся чарговы раз з тапорнай работаю гэбісцкіх тэлефонных слухачоў, ён знайшоў патрэбны нумар і пазваніў у дом пад бельведэрам. Адрэкамендаваўшыся, выклаўшы сутнасць справы і пачуўшы, што яго суразмоўца вярзе абракадабру, разведчык сказаў гэбісту:

— Калі б вы трапіліся мне ў час вайны, я вас за такую работу паставіў бы да сценкі.

Мо трохі не такі парадак слоў у сказе быў, але сказ мяне ўразіў. Не чакаў яго з вуснаў разважлівага, акуратнага ў выбары словаў прафесара Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага. Раз ён выбраў такія словы — значыць, дасталі.

 Імем мовазнаўца Янкоўскага ў Мінску названа вуліца. Мала хто ведае, што Янкоўскі быў яшчэ і разведчыкам.

Імем мовазнаўца Янкоўскага ў Мінску названа вуліца. Мала хто ведае, што Янкоўскі быў яшчэ і разведчыкам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?