За 11 месяцаў гэтага года Нацыянальным банкам рэалiзавана насельнiцтву залатых мерных злiткаў агульнай масай 952,9 кiлаграма, паведамiў карэспандэнту «Звязды» прэс-сакратар галоўнага банка краiны Мiхаiл Журавовiч.

Як адзначаюць у Нацыянальным банку, калi параўноўваць з адпаведным леташнiм перыядам, то аб’ём продажу золата ў злiтках узрос у чатыры разы. А тлумачыцца высокi попыт на каштоўны метал даволi проста: беларусы выкарыстоўваюць золата як адзiн з найбольш выгадных сродкаў захавання сваiх зберажэнняў. Як i раней, найбольшай папулярнасцю ў людзей карысталiся 10-грамовыя мерныя злiткi, якiх за 11 месяцаў прададзена 9754 штукi. «Брусоў» па кiлаграму куплена 150 штук, па паўкiло – 112 злiткаў. Мiж iншым, з моманту пачатку рэалiзацыi залатых мерных злiткаў насельнiцтву агульная маса прададзенага золата склала больш за 1,7 тоны.

Назiраецца ўстойлiвы рост попыту i на злiткi з серабра i плацiны. Так, за студзень–лiстапад гэтага года прададзены 5271 злiтак серабра агульнай масай 699,4 кiлаграма. З пачатку года Нацыянальным банкам прададзена таксама 15,3 кiлаграма плацiны – 611 злiткаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?