Уласнік клуба, дзе мусіў адбыцца канцэрт, заявіў, што ад яго правядзення адмовіліся арганізатары. Тыя не пагаджаюцца.

Магілёўскі канцэрт гурта «Ляпіс Трубяцкой» у рамках туру ў падтрымку новага альбома «Весёлые картинки» адмянілі, паведамляе «Еўрарадыё». Паводле яго інфармацыі,

уласнік клуба «Ліга», дзе мусіў адбыцца канцэрт, заявіў, што ад яго правядзення адмовіліся арганізатары. Нібыта ў клубе працякае дах. А з-за гэтага ў часе канцэрта можа адбыцца кароткае замыканне. У сваю чаргу арганізатар магілёўскага канцэрта «Ляпісаў» цвердзіць адваротнае: прададзена ўжо 800 квіткоў, таму арганізатары не адмаўляліся ад канцэрта ў «Лізе».

Пра адмену канцэрта ў Магілёве паведамляе таксама сайт «Цэнтр жывога року».

Гэта ўжо другі канцэрт «ЛТ», адменены фактычна па надуманых прычынах. 13 сакавіка гурт планаваў выступіць у Гомелі ў лёгкаатлетычным комплексе «Дынама». За тыдзень да канцэрту з’явілася інфармацыя, што яго могуць адмяніць. Так яно і здарылася — канцэрт адмянілі, прычына — нібыта канцэртная пляцоўка не здольная прыняць тую колькасць людзей, што набылі квіткі.

Тая адмена стала першай ластаўкай, пацверджанннем, што новы «чорны спіс», пра які незалежныя СМІ паведамілі ў пачатку сакавіка, дзейнічае.
У той спіс, з якім нібыта азнаёмілі рэдактараў афіцыйных СМІ, уключаныя беларускія, расійскія і заходнія прадстаўнікі кіно, музыкі, мастацтва, якіх ад гэтага моманту забаронена згадваць у прэсе. Сярод іх — «Ляпіс Трубяцкой», «Крама», NRM, «Палац», «Нейра Дзюбель», Зміцер Вайцюшкевіч, драматург Андрэй Курэйчык, увесь калектыў «Свабоднага тэатра», пісьменнікі Вольга Іпатава, Генадзь Бураўкін, мастакі Мікола Купава, Аляксей Марачкін, драматург Уладзімір Халіп. З расійскіх зорак — ДДТ, «Наіў», «Тараканы», пісьменнік Андрэй Бітаў, Віктар Ерафееў, з заходніх кіназорак — Джуд Лоў, Кевін Спэйсі ды інш, драматург Том Стопард.
І хоць пазней міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі назваў інфармацыю пра спіс «правакацыяй» і «гнюснай фальшыўкай», у шэрагу фігурантаў спісу з момамнту яго публікацыі пачаліся праблемы.
Адзін за адным былі адмененыя канцэрты «Ляпіса Трубяцкога», Змітра Вайцюшкевіча (у Мінску і Брэсце 17 і 18 сакавіка адапведна), Neuro Dubel (кіраўніцтву мінскага клуба «Рэактар» наўпрост патлумачылі прычыну тым, што гурт падтрымлівае апазіцыю), «Крамбамбулі» (адміністрацыі паба «Госці» ў Мінгарвыканкаме недвухсэнсоўна параілі замяніць гурт).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?