21 сакавіка — Сусветны дзень паэзіі. Да гэтага дня на сайце «Нашай Нівы» штодзень — адзін класічны верш Уладзіміра Някляева, які працягвае заставацца пад хатнім арыштам.

Уладзімір Някляеў. Прошча (фінальны раздзел паэмы)

Мітынговыя вуліцы, поўныя ярасцю плошчы
Я пакіну аднойчы і рушу да возера Прошчы,
Што сінее на роднай зямлі васільком на радне
I царкву са званіцай ашчадна хавае на дне.

Па збалелай дарозе
з камянём непазбыўнай віны
Я ўвайду ў тое возера і разгайдаю званы,
I, аблашчаны Прошчай, за ўсіх,
каго проста люблю,
Памалюся, паплачу і свечку ў царкве запалю.

Залацістаю рыбай да берага свечка сплыве,
Залацістай змяёю слізне па шчаслівай траве,
I пчалой залатою паляціць над палямі яна,
Над вадой, над зямлёю; якая ва ўсіх нас адна.

Аднакрылую свечку
з царквы, што ўсплывае са дна,
Мне над возерам п р о ш ч ы
трымаць ад цямна да відна,
Вакол возера бераг
адзін,
і нікуды з яго,
Як бы мы ні штурхаліся — не спіхнуць нам
адзін аднаго.

Як бы мы ні шалелі ў натоўпах
ад лютых страсцей,
Паміж намі нямашака прышлых,
нязваных гасцей,
Толькі мы
паміж намі —
і нам не над прорваю жыць,
А над Прошчаю жыць.
Так нядоўга,
як свечка гарыць.

Больш вершаў Някляева — тутака.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?