У Сеціве з’явіўся відэаролік, у якім Дзяніс Лазар расказвае пра падзеі 18 снежня.

За колькі дзён да суда над Змітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым незарэгістраваны «Малады фронт» падрыхтаваў відэаролік з сведчаннямі Дзяніса Лазара. У ім ён расказвае пра падзеі 18 снежня, калі яго з Дашкевічам і Лобавым затрымалі па падазрэнні ў хуліганстве.

Дзяніс Лазар расказвае, што 17 снежня ён прыехаў у Мінск, каб у дзень выбараў удзельнічаць у мітынгу разам з іншымі «маладафронтаўцамі». Па яго словах, у ноч на суботу ён і яго сябры заўважылі сачэнне за кватэрай, якую яны здымалі. Вырашылі яе пакінуць. У суботу ў абед селі ў аўтобус, які кіраваўся з вул. Панамарэнкі ў бок Малінаўкі. Праз два прыпынкі заўважылі, што за імі сочаць, выйшлі з аўтобуса і пайшлі ў двары.

Там да іх падышлі чатыры чалавекі. Спыталі ў Дашкевіча нейкі адрас і папрасілі цыгарэту. А ўслед за гэтым пачалі яго збіваць. Ударылі ў жывот. Ён паваліўся на зямлю. Павалілі і Лобава з Лазарам. Змітру пачалі круціць рукі, а Дзянісу нацягнулі на вочы шапку. Ён кажа, што з таго моманту нічога не бачыў.
Праз некалькі хвілін пад’ехаў аўтобус са спецназаўцамі. Пра тое, што ў Лобава знайшлі манціроўку, Лазар даведаўся пазней ад міліцыянтаў.
Напрыканцы роліка нагадваецца пра тое, што З. Дашкевіч і Э. Лобаў «абвінавачваюцца ў асабліва злосным хуліганстве, якога яны не здзяйснялі».

Раней, 15 сакавіка, намесніца старшыні незарэгістраванага «Маладога фронту» Наста Палажанка звярнулася з адкрытым лістом да суддзі па справе Дашкевіча Алены Шылько й гэтак званых «пацярпелых» Канстанціна Савіцкага й Алега Малышава. Палажанка просіць не дапускаць беззаконня ў судзе і нагадвае пра маральную й крымінальную адказнасць за несправядлівы прысуд.

Нагадаем, што паводле версіі следства, Дашкевіч, Лазар і Лобаў абвінавачваюцца ў здзяйсненні асабліва злоснага хуліганства (ч.3 арт.339 КК). Нібыта яны 18 снежня 2010 года з хуліганскіх памкненняў беспадстаўна і наўмысна, кулакамі і металічнымі абцугамі збілі двух грамадзян. Дзяніс Лазар зранку 28 снежня быў адпушчаны на волю і ўсе падазрэнні з яго былі знятыя, справа ў адносінах да яго спынена. Абвінавачанне Дзмітрыю Дашкевічу і Эдуарду Лобаву было прад’яўлена 6 студзеня. Падчас следства яны ўтрымліваліся ў Жодзінскім следчым ізалятары. 2 сакавіка іх перавялі у мінскі СІЗА № 1 па вул. Валадарскага.

Ім пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў.

Першапачаткова суд над «маладафронтаўцамі» быў прызначаны на 21 сакавіка, але потым быў перанесены на 22 сакавіка — дзень пакарання смерцю Кастуся Каліноўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?