Фота Юліі Дарашкевіч

У турму за графіці

1 лютага ў Менску падчас напісаньня графіці «Мы хочам новага» і «Дастаў» затрыманыя маладыя актывісты Артур Фінькевіч і Аляксей Янушэўскі. На хлопцаў завялі крымінальную справу паводле арт.339 ч.2 (злоснае хуліганства), што пагражае ім максымальнай карай — да 6 гадоў турмы. А.Янушэўскага выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе 3 лютага, А.Фінькевіч сядзіць у СІЗА. Для А.Янушэўскага гэта быў першы арышт. А.Фінькевіча затрымлівалі й раней, але ўпершыню за палітычную дзейнасьць пачынаюць караць па крымінальных артыкулах. На фота: Артура Фінькевіча затрымліваюць пасьля пэрформансу «Пахаваньне Канстытуцыі» у сакавіку 2005 году.

Агітаваць супраць Лукашэнкі — крымінал

У Ваўкавыску 5 лютага міліцыянты затрымалі Віктара Вайцюка і Віталя Гуляка, зьбіральнікаў подпісаў за Мілінкевіча. Іх дапыталі як сьведкаў у крымінальнай справе за «хуліганства» — графіці «Просім сысьці» і «Сыходзь», якія зьявіліся ў горадзе напярэдадні. Дома ў актывістаў адбыліся ператрусы. Канфіскавалі друкаваную прадукцыю, плякаты з выявай Мілінкевіча, у Вайцюка — кампутар і справаздачу ААН аб правах чалавека.

Правакацыя супраць Крука

На кіраўніка штабу Мілінкевіча ў Ашмяне Івана Крука 6 лютага завялі крымінальную справу: яго вінавацяць у супраціве супрацоўнікам міліцыі (арт.364 КК). Цымус у тым, што Крук сам — адстаўнік-міліцыянт. Крук кажа, што мае сьведкаў, якія абвергнуць заявы міліцыі.

Нагнятаньне тэрору

30 студзеня каля Жлобіна затрымалі Ўладзімера Кацору, кіраўніка гомельскага штабу адзінага, канфіскаваўшы 282 асобнікі газэты «Народная воля» і 694 асобнікі газэты «Товарищ».

Зьбіральніка подпісаў у Сьвіслачы (Гарадзеншчына) Генадзя Радзецкага 3 лютага аштрафавалі на 5 базавых велічыняў (145 тыс. руб.). Суд палічыў плякат з матэрыяламі Кангрэсу дэмсілаў датэрміновай агітацыяй.

Настаўніка сярэдняй школы пас. Праўдзінскі (Пухавіцкі р-н) Віктара Царкевіча, актывіста групаў Мілінкевіча й Казуліна, 21 студзеня кіраўніцтва РайАНА намаўляла сысьці з уласнага жаданьня. У выніку стрэсу актывіст атрымаў бальнічны ліст.

Студэнта Беларускага аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэту Вэнэдыкта Кляўзэ выключаюць з БРСМ, бо ён уваходзіў у ініцыятыўную групу Мілінкевіча. У БРСМ Кляўзэ быў сакратаром факультэцкай арганізацыі.

На кіраўніка віцебскага штабу адзінага Хрыстафора Жаляпава 2 лютага завялі адміністрацыйную справу: наяўнасьць у ягонай машыне каляндарыкаў і плякатаў з выявай Мілінкевіча (выяўленых падчас догляду ўначы з 30 на 31 сьнежня) кваліфікуюць як датэрміновую агітацыю і распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак.

У Ашмянах 2 лютага суд прысудзіў Пятра Явідовіча да штрафу, зьвінаваціўшы яго ў датэрміновай агітацыі за бюлетэнь «Час адзінага» і ўлёткі, якія той распаўсюджваў у Ашмянах на пачатку студзеня. У бюлетэні і ўлётках была інфармацыя пра прыезд у Ашмяны А.Мілінкевіча і запрашэньне на сустрэчу зь ім. П.Явідовіч мае падаваць апэляцыю ў абласны суд.

Адміністрацыйная камісія Бялыніцкага райвыканкаму 3 лютага аштрафавала пэнсіянэрку Ірыну Капыткову на 1 б.в. (29 000 ) за «распаўсюд незарэгістраванай друкаванай прадукцыі» — каляндарыкаў з выявай адзінага кандыдата.

4 лютага на ўезьдзе ў Берасьце міліцыянты затрымалі кіраўніка ініцыятыўнай групы адзінага Аляксандра Бухвостава.

Пісальнік у пракуратуры

Галоўнага рэдактара газэты «Głos znad Niemna na uchodztwie» Анджэя Пісальніка 31 студзеня выклікалі ў гарадзенскую абласную пракуратуру: чыноўнікаў цікавілі ягоныя публікацыі ў газэце, а таксама часопісе «Magazyn Polski». Пісальнік адмовіўся даваць паказаньні.

У Кобрыне

27 студзеня ў Кобрыні маёр міліцыі Анатоль Кананчук, начальнік інспэкцыі па справах няпоўнагадовых, наведаў кватэру сям’і Кучынскіх: ён цікавіўся сынам Кучынскіх Станіславам, структурай незарэгістраванай моладзевай арганізацыі «Зубр», запісаў зьвесткі пра бацькоў. Міліцыянт запрасіў Станіслава Кучынскага наведаць райаддзел міліцыі 28 студзеня. Калі той прыйшоў у міліцыю, у яго зьнялі адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі ў фас і профіль, зьнялі на відэакамэру. Бацькі Станіслава маюць абскардзіць дзеяньні міліцыі.

У Барысаве

У Барысаве 30 студзеня затрымалі моладзевага актывіста Максіма Апялінскага. Міліцыянты заявілі, што ён нібыта расклейваў улёткі.

У Пінску

Актывісту Сяргею Касьцюковічу 1 лютага Пінскі гарвыканкам адмовіў у правядзеньні пікетаў пад назвай «Дзе сумленныя, празрыстыя і справядлівыя выбары?», прызначаных на 3 і 7 лютага. Намесьнік старшыні гарвыканкаму А.Канеўскі ў адказе палічыў, што гэта будзе перадвыбарчай агітацыяй.

Камуністаў папярэдзілі двойчы

Партыя камуністаў Беларуская 1 лютага атрымала папярэджаньне ад Мін’юсту. Ліст Сяргея Калякіна да кіраўнікоў выканкамаў з патрабаваньнем выконваць Выбарчы кодэкс расцэнены як умяшальніцтва ў дзейнасьць дзяржаўных органаў. ПКБ мае абскардзіць папярэджаньне ў Вярхоўным судзе.

У Жабінцы

У Жабінцы 1 лютага міліцыянты спрабавалі затрымаць берасьцейскіх актывістаў Ірыну Лаўроўскую і Ўладзімера Вялічкіна, якія зьбіралі подпісы за вылучэньне ў абласную выбарчую камісію. Падставай сталі два асобнікі «Народнай Волі» ў руках Вялічкіна: яго спрабавалі зьвінаваціць у распаўсюдзе прэсы. Прайсьці зь міліцыянтам у выканкам ці пастарунак актывісты адмовіліся.

Адміністрацыйная камісія райвыканкаму 1 лютага разгледзела справу Васіля Андрасюка, зьвінавачанага ў распаўсюдзе выданьняў: 17 студзеня ў яго забралі 447 асобнікаў «Дакладу Спэцыяльнага дакладчыка па пытаньні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Адрыяна Сэвэрына». Паколькі з прадстаўніцтва ААН у Беларусі прыйшоў факс, што гэта афіцыйныя дакумэнты ААН, раённая камісія не ўзяла на сябе адказнасьць і накіравала дакумэнты ў Ленінскі РУУС Берасьця, чые супрацоўнікі затрымлівалі актывіста.

Палітвязьні

2 лютага палітвязень Міхаіл Марыніч патрапіў у рэспубліканскі турэмны шпіталь на курс абсьледаваньня.

Паўлу Севярынцу адміністрацыя Ветрынскай камэндатуры 4 лютага вынесла папярэджаньне: для паездкі да яго журналісты павінны атрымаць дазвол спэцкамэндатуры, замежныя грамадзяне — МУС. 3 лютага да Севярынца не пусьцілі супрацоўніка швэдзкай амбасады Стэфана Эрыксана.

На судовым паседжаньні 6 лютага пракурор запатрабаваў пакараць Сяргея Скрабца пазбаўленьнем волі на 5,5 гадоў. Прысуд будзе абвешчаны 14 лютага. Ад 1 студзеня С.Скрабец трымае галадоўку.

У Гомелі

Калегія Гомельскага абласнога суду 2 лютага адхіліла скаргу чарнобыльскага ліквідатара Васіля Сіліверста з Калінкавічаў: ён абскарджваў адмову Калінкавіцкага райсуду прызнаць, што ягоныя захворваньні пачаліся праз удзел у ліквідацыі наступстваў Чарнобылю.

Ліквідуюцца грамадзкія арганізацыі

У Смургонях 3 лютага праз адсутнасьць юрадрасоў ліквідаваны апошнія дэмструктуры ў раёне — раённая суполка БНФ «Адраджэньне» і Свабодны прафсаюз прадпрымальнікаў.

6 лютага Вярхоўны суд ліквідаваў Беларускі саюз моладзевых і дзіцячых грама- дзкіх аб’яднаньняў «Рада». Арганізацыі закідалі ўмяшальніцтва ў палітыку і ўнутраныя справы дзяржструктураў, выкарыстаньне незарэгістраванай сымболікі.

Агулам за 2005 г. Мін’юст ліквідаваў 68 ГА (17 — рэспубліканскага й міжнароднага статусу, 51 — мясцовага), яшчэ 43 ГА прынялі рашэньне пра самаліквідацыю. Летась органы юстыцыі вынесьлі 425 папярэджаньняў NGO — на 161 больш, чым у 2004 г.

У Салігорску

2 лютага ў кватэры актывіста ПБНФ Паўла Батуева адбыўся ператрус. Сам хлопец тым часам быў у Менску на акадэмічнай сэсіі.

3 лютага за распаўсюд улётак былі затрыманыя моладзевыя актывісты Іван Шыла і Яўген Мядзьведзеў. На Мядзьведзева складзены адміністрацыйны пратакол.

Яшчэ адну газэту прыхлопнулі

Наваполацкай газэце «Хімік» раённая пошта адмовіла ў распаўсюдзе.

3 лютага за распаўсюд недзяржаўнай прэсы ў Наваполацку затрыманы Аляксей Трубкін. У менскага палітоляга Юр’я Чавусава пры перасячэньні мяжы 3 лютага беларускія мытнікі канфіскавалі часопіс «Arche» для «праверкі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?