Апошнім часам Саша паправіўся і страціў цікавасць да жыцця. Большасць часу ён спіць. Слова «заўтра» ў адказ на любыя просьбы змушае родных паступова вар’яцець. У ліпені 2009 года ён сышоў у войска стройным, поўным энергіі і, галоўнае, здаровым хлопцам, а праз сем месяцаў апынуўся ў псіхіятрычнай лякарні. Вайскоўцы лічаць, што ў хваробе байца войска не вінаватае.

Не салдаты, а «сланы» і «духі»

Па словах маці, адразу пасля заканчэння каранціну сын пачаў прасіць грошай. Саша расказаў (і родныя яму вераць), што сярод вайскоўцаў часткі № 16377 62-й зенітнай ракетнай брыгады ў Вішняўцы існавалі сакрэтныя расцэнкі.

Каб перайсці з «духаў» у «сланы» (другое паўгоддзе службы), трэба было заплаціць

100 тысяч рублёў, каб насіць замест ботаў берцы - 50 тысяч рублёў. Столькі ж выкладваў той, хто хацеў мець у войску ўласны мабільны тэлефон. Усе гэтыя грошы, а разам з імі і невялікая зарплата маладых байцоў, сыходзілі «дзядам».

Паводле словаў Аляксандра Грыгарчука, кожны навабранец быў замацаваны за пэўным стараслужбоўцам. Так называлі салдатаў, якія адслужылі больш за год. Калі «дзед» прасіў цыгарэту, салдат павінен быў яго абавязкова пачаставаць. Праўда, на цыгарэце трэба было загадзя напісаць, колькі яго негалоснаму начальніку засталося да загаду. Калі надпісу не было або лічба была няправільнай, хлопцаў чакала пакаранне.

На другім месяцы службы Сашу і яшчэ двух хлопцаў старэйшыя па званні салдаты паставілі пад халодны душ, каб высветліць, хто даўжэй вытрымае. Аднаму навабранцу тады зрабілася кепска.

З казармы ў лякарню

Маці ўспамінае, што пасля гэтага выпадку сын нібы ўпаў духам, пачаў чагосьці баяцца і перыядычна казаў: «Мяне пасадзяць». Напрыклад, за тое, што захоча даць адпор старэйшым па званні салдатам.

«Часта скардзіўся на кепскае самаадчуванне, - успамінае Вольга Васільеўна. - зрабіўся больш замкнёным. У яго не атрымлівалася вывучыць параграф з падручніка. А аднойчы папрасіў забраць яго дадому".

У пачатку снежня Вольга Васільеўна звярталася да камандзіра дывізіёна Андрэя Харламенкі. Патлумачыла: сын вельмі змяніўся, таму яна хоча разабрацца, што з ім адбываецца. Праз некалькі тыдняў Аляксандра адпусцілі на пабыўку. Але за тры дні родныя нічога зразумець не паспелі.

Псіхічнае расстройства выявілася ў канцы лютага. Старэйшая дачка наведвала брата і заявіла: «У нашага Сашкі паехаў дах». Пасля гэтага маці пачала біць трывогу. У частцы паабяцалі, што знізяць нагрузку на салдата і адпусцяць яго праз некалькі дзён дадому - на выходныя. Але Вольга Васільеўна лічыла, што ў Сашы дэпрэсія, і вырашыла пракансультавацца ў знаёмага неўролага. Тая параіла пайсці да псіхіятра.

26 лютага 2010 года, праз сем месяцаў пасля прысягі, хлопца па патрабаванні маці і медыкаў даставілі на абследаванне ў псіхіятрычнае аддзяленне Дзяржаўнага абласнога клінічнага цэнтра «Псіхіятрыя-наркалогія», а затым накіравалі ў псіхіятрычную бальніцу Мінска.

Дактары паставілі несуцяшальны дыягназ, называць які мы не будзем з этычных меркаванняў. Праз два месяцы хлопца камісавалі. Пасля працяглага лячэння Аляксандр атрымаў другую групу інваліднасці па псіхіятрычным профілі.

Шанцы на папраўку нікчэмна малыя

Як растлумачыў загадчык дыспансерным псіхіятрычным аддзяленнем ДАКЦ «Псіхіятрыя-наркалогія» Ігар Ляляўка, хвароба Аляксандра хранічная, яе наступствы можна апісаць як неспрыяльныя. З улікам медыцынскай статыстыкі верагоднасць поўнага выздараўлення малая.

Маці былога салдата ўпэўненая: справакавалі хваробу жорсткія правілы вайсковага жыцця. «Хлопцы неаднаразова казалі афіцэрам, што з Аляксандрам робіцца нешта нядобрае. Але чамусьці Сашу не адправілі на абследаванне да дактароў ні ў снежні, ні ў студзені», — кажа Вольга Васільеўна.

Што кажуць у брыгадзе

У самой жа брыгадзе, дзе праходзіў службу Аляксандр, лічаць, што хвароба ў шарагоўца Грыгарчука была яшчэ да арміі. Паводле заключэння ваенна-лекарскай камісіі, гэтае захворванне не звязанае з праходжаннем вайсковай службы. Праўда, тады ўзнікае лагічнае пытанне: чаму «схаваную» хваробу не знайшлі на прызыўным участку? Бо ўсе прызыўнікі праходзяць сур'ёзнае медыцынскае абследаванне. У маці ёсць на руках дакументы: сына прызналі здаровым і прыдатным да службы ў войску.

— Па словах дактароў, гэта спецыфічнае псіхалагічнае захворванне, якое можа праявіцца ў любы момант. Выявіць яго немагчыма, — растлумачыў камандзір 62-й зенітнай ракетнай брыгады палкоўнік Генадзь Пясляк.

У частцы запэўніваюць, што ўсе факты існавання «дзедаўшчыны» надуманыя. «Нестатутных узаемаадносінаў у нас не існуе, — кажа Генадзь Пясляк. — За мінулы год не было ніводнага грубага парушэння вайсковай дысцыпліны, ніводнага выпадку, каб хтосьці з бацькоў звяртаўся з гэтай нагоды ці хтосьці выказваўся пра існаванне негатыўнага стаўлення да салдатаў. Для салдатаў створаныя ўсе нармальныя ўмовы пражывання ў казармах».

Вырашаць будзе суд?

У лютым гэтага года Гарадзенскім міжгарнізонным раённым судом была адхіленая заява Аляксандра і адмоўлена ў распачынанні крымінальнай справы. Яму патлумачылі: захворванне атрымана ў перыяд вайсковай службы, але не пры выкананні вайсковых абавязкаў. А значыць, разлічваць на вайсковую пенсію і грашовую кампенсацыю яму не даводзіцца.

У вайскоўцаў на руках быў яшчэ адзін козыр: факт існавання нестатутных адносінаў у частцы № 16377 не быў даказаны. Пра гэта сведчаць матэрыялы праверкі, якая праводзілася органамі дазнання ваеннай камендатуры ў канцы мінулага года. Ніхто з апытаных салдат, якія служылі з Аляксандрам, не пацвердзіў яго словы.

Цяпер сям'я Грыгарчук збіраецца давесці, што ў частцы квітнела «дзедаўшчына», і напісаць заяву ў ваенную пракуратуру. Новым паваротам у справе могуць стаць сведкавыя паказанні калегі Аляксандра, які ў прысутнасці адваката пацвердзіў гатоўнасць расказаць усю праўду.

Маці лічыць, што зможа даказаць, што менавіта «дзедаўшчына» справакавала хваробу. Бо расказаць пра тое, што давялося вытрываць яе сыну і што адбываецца за высокім вайсковым плотам, лічыць сваім матчыным абавязкам.

Дарэчы

Прычына ўзнікнення хранічнага псіхічнага расстройства, якое выявілі ў салдата, пакуль навуцы невядомая. Па словах Ігара Ляляўкі, вывучаныя парушэнні абменных працэсаў, якія адбываюцца ў галаўным мозгу пры дадзеным захворванні, на падставе чаго прызначаецца лячэнне. Хвароба можа ўзнікаць на фоне поўнага здароўя. Гэта захворванне не з'яўляецца спадчынным. Дадзенае псіхічнае расстройства выяўляецца ў 1% насельніцтва планеты.

Даказана, што верагоднасць захварэць павялічваецца, калі ў аднаго з бацькоў была гэтая хвароба. Выявіць, ці схільны чалавек да дадзенага захворвання, немагчыма. Адным з фактараў, якія могуць паўплываць на развіццё хваробы, з'яўляюцца стрэсавыя сітуацыі. Аднак доказаў, што менавіта стрэс ці іншыя суб'ектыўныя або аб'ектыўныя фактары прывялі да ўзнікнення хваробы, няма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?