Учора адбылося ўручэньне штогадовай літпрэміі «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў». Дэбютантам года стаў Франак Вячорка (апавяданьне «Ліза»).
Я прачытаў ягоны твор, і вось што думаю, са скрухай і гневам прыгадваючы свае словы «Трэба бяз жалю адстрэльваць літаратурных графаманаў».

Як сказаў Бродзкі ў Нобелеўская прамове, «літаратура пакідае за сабою права ўмешвацца ў справы палітыкі, пакуль палітыка будзе ўмешвацца ў справы літаратуры». Найновая беларуская літаратура ўблытваецца ў справы палітыкі настолькі непрафесійна, што з гэтага супрацьстаяньня не нараджаюцца мастацкія шэдэўры, як тое было ў гісторыі беларускай прозы XX стагодьдзя. Часопіс «Дзеяслоў», што паўстаў дзякуючы грубаму ўмяшальніцтву дзяржавы ў культуру, перыядычна наносіць удары ў адказ, выкарыстоўваючы мастацкія сродкі. Аднак беларуская культура рызыкуе пацярпець паразу на гэтым фронце, калі тамтэйшыя палкаводцы — рэдактары «Дзеяслова» — будуць і надалей фарміраваць сваё войска з такіх хілых, бездапаможна-нягеглых ваяроў, як апавяданьне «Ліза». Зжаўцелая газэта «Наша Ніва», дарэчы, з вясёлай нахабнасьцьцю называе гэты тэкст «эратычным» у загалоўку навіны! «Гэтай ноччу Ліза стала маёй жанчынай. Я кахаў яе ўсім сэрцам. Цяпер нас ніхто і нішто не зможа разлучыць!» Ну канешне, калі ў апавяданьні няма анічога літаратурнага, давайце хоць так паспрабуем выклікаць цікавасьць да яго!

«Ліза» — нагрувашчваньне штампаў, кволасьць літаратурнай будовы, што трымаецца на шаблённых думках аднаго нецікавага цэнтральнага пэрсанажа,
якога зусім не апраўдвае ягоная маладосьць: «А можа быць, гэта была ілюзія, фантом? І нашае каханне — усяго толькі плён маёй хворай фантазіі? Няўжо я мусіў прайсці праз гэта пекла, каб зразумець сапраўдную каштоўнасць свабоды і шчырага кахання?».

Гэта не твор, а сурагат ад імя першай асобы, няўдалая спроба пачаткоўца змікшыраваць з уласных перажываньняў літаратурны тэкст, прысьвечаны нядаўнім беларускім палітычным падзеям. У Франака Вячоркі ёсьць вопыт грамадзяніна, які супрацьстаіць рэпрэсіўнай дзяржаве. Аднак ягоны літаратурны ўнёсак у справу беларушчыны пакуль роўны нулю. Кожны мусіць займацца сваёй справай, відаць так.

Па законах літаратурнай Спарты гэты тэкст мусібыць кінуты ў мора са скалы. Інакш не пераможам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?