Партыя БНФ мае намер у судзе абскардзіць адмову ў працягненні ёй арэнды офіса ў Мінску. Пра гэта было заяўлена 19 сакавіка на пасяджэнні сойма партыі.

Нагадаем, ЖРЭА Савецкага раёна Мінска адмовілася працягнуць арэнду цэнтральнага офіса партыі, які размяшчаецца на праспекце Машэрава, 8.

Як паведаміў намеснік старшыні партыі Рыгор Кастусёў, дакументы плануецца перадаць у суд 28 сакавіка.

«Такім чынам, мы можам выйграць каля двух месяцаў, на працягу якіх будзе праходзіць судовы разгляд Аднак мы не можам дакладна ведаць, як будуць паводзіць сябе ўлада. Не выключана, што будзе выкарыстаны сілавы варыянт высялення з памяшкання…», — Сказаў Кастусёў.

Сойм Партыі БНФ прыняў спецыяльную рэзалюцыю аб сітуацыі з цэнтральным офісам. У ёй падкрэсліваецца, што адмова працягнуць арэнду «не можа расцэньвацца інакш, як выкананне палітычнай замовы па знішчэнні апошняй „выспы свабоды“ ў цэнтры Мінска і аднаго з апошніх месцаў публічнай прысутнасці дэмакратычных сіл у краіне ў цэлым».

Сойм патрабуе «неадкладна адмяніць палітычна матываванае рашэнне» аб спыненні арэнды 1 красавіка 2011. У рэзалюцыі таксама дэкларуецца «гатоўнасць членаў Партыі БНФ да правядзення бестэрміновай акцыі негвалтоўнага супраціву», калі рашэнне ЖРЭА не будзе перагледжанае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?