Беларускія грамадзяне ў большасці сваёй адмаўляюцца вяртацца з Японіі. Аб гэтым паведаміў БелаПАН трэці сакратар пасольства Беларусі ў Японіі Цімур Валошын.

Паводле яго слоў, пасольства рэгулярна інфармуе грамадзян Беларусі аб тым, што яны могуць вылецець самалётамі МНС Расіі ў Хабараўск. «Але тым не менш беларускія грамадзяне ў Японіі ад гэтай магчымасці адмаўляюцца. Напэўна, таму, што не бачаць істотнага пагаршэння сітуацыі ў Японіі», — адзначыў Валошын.

Паводле інфармацыі дыпламата,

многія беларусы перабраліся ў паўднёвую частку краіны, за 300 кіламетраў ад Токіа.

«Мы рэгулярна распаўсюджваем інфармацыю аб тых рэйсах, якія ажыццяўляюць самалёты МНС Расіі. Мы цесна супрацоўнічаем з расійскім пасольствам у Японіі. Але да нас паступае ўсё менш і менш паведамленняў ад людзей, якія жадаюць эвакуявацца. Падобна на тое, што яны супакоіліся», — сказаў Валошын.

«Любы грамадзянін Беларусі, які звернецца да нас, зможа атрымаць інфармацыю аб найбліжэйшым самалёце з Японіі. Мы гатовы пасадзіць яго на найбліжэйшы рэйс. Аднак практыка паказвае, што гэтыя самалёты ляцяць нават не цалкам запоўненымі», — дапоўніў Валошын.

Ён заявіў, што беларускае пасольства працягвае сваю дзейнасць у Японіі. «Пакуль у экстраннай эвакуацыі неабходнасці няма, таму мы працуем, хаця і ў напружаным рэжыме. Але тым не менш у нас ёсць планы экстраннай эвакуацыі», — адзначыў дыпламат.

Нагадаем, 18 сакавіка Валошын паведаміў, што пасольствам складзены спіс беларусаў, якія жадаюць вярнуцца на радзіму. Гэты спіс пастаянна абнаўляецца, у ім цяпер каля 80 чалавек. «Мы аказваем ім усю магчымую падтрымку», — сказаў дыпламат.

Валошын таксама паведаміў, што, паводле звестак МЗС Японіі, усяго на тэрыторыі краіны знаходзіцца каля 400 грамадзян Беларусі, 300 з якіх маюць доўгатэрміновыя візы або від на жыхарства.
«Плюс яшчэ ў гэтых 300 чалавек ёсць дзеці, якія па законе з’яўляюцца грамадзянамі і Японіі, і Беларусі і якія ў гэтай статыстыцы не ўлічваюцца», — дадаў ён.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?