Акцыя апазіцыі 25 сакавіка, у Дзень Волі, можа прайсці ў несанкцыянаваным фармаце, лічыць кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Найбольш верагодны на сёння варыянт, што заяўнікі акцыі напішуць калектыўную адмову ад прапанаванага Мінгарвыканкамам сцэнарыя яе правядзення, заявіў ён 19 сакавіка на пасяджэнні сойму партыі.
У той жа час, адзначыў ён, «людзі, магчыма, усё адно збяруцца на плошчы Якуба Коласа».
Аляксей Янукевіч распавёў пра стварэнне дружыны па забеспячэнні парадку на мерапрыемстве і пра супрацу з мастакамі па стварэнні плакатаў і транспарантаў: «Мы звярнуліся з заклікам да усіх прыносіць толькі
Лідар партыі лічыць, што «калі акцыя будзе несанкцыянаванай, правесці яе арганізацыйна будзе вельмі складана». «У любы момант можна чакаць умяшання міліцыі», — зазначыў ён.
Нагадаем, 18 сакавіка Мінгарвыканкам забараніў арганізатарам акцыі правесці 25 сакавіка шэсце па вызначаным імі маршруце.
Заяўнікі планавалі збор удзельнікаў на плошчы Якуба Коласа з 18.00 да 18.30, затым мітынг на гадзіну і шэсце (да 20.30) па праспекце Незалежнасці да сквера Янкі Купалы. Акцыя павінна была прайсці пад лозунгамі незалежнасці Беларусі і вызвалення палітзняволеных.
Мінгарвыканкам прапанаваў дэманстрантам сабрацца ў парку Дружбы народаў, на плошчы Бангалор, і правесці там мітынг.Такім чынам, шэсце, нават па альтэрнатыўным маршруце, забаронена.
Арганізатары акцыі плануюць абмеркаваць свае далейшыя дзеянні на пасяджэнні аргкамітэта 21 сакавіка.