Вясновы сонечны прамень ледзь не падпаліў кватэру ў Віцебску.
Пра незвычайную, але навукова вытлумачальную прычыну пажару ў шматпавярховым доме ў абласным цэнтры расказалі ў Віцебскім гарадскім аддзеле МНС.

Паведамленне аб тым, што ў кватэры на дзясятым паверсе віцебскай новабудоўлі, верагодна, адбылося ўзгаранне, паступіла на пульт дзяжурнага МНС позна ўвечары. Прыбылыя пажарныя ўбачылі практычна згарэлы на ложку плед, выгаралы ложак, моцна абкуродымленыя сцены ва ўсёй кватэры, праўда, адкрытага агню не было.

Па словах гаспадыні, яна раніцай пайшла на працу і вярнулася толькі ў дзесяць вечара, больш у кватэры нікога не было.

Высвятляючы прычыну ўзгарання, спецыялісты пераканаліся, што ўсе электрапрыборы ў кватэры былі адключаныя, электраправодка ў поўным парадку. Яны ўжо гатовыя былі паверыць у палтэргейст, калі іх увагу прыцягнула невялікае люстэрка, што стаяла на століку ля акна: з аднаго боку яно было звычайным, а з другога выпуклым, як лінза. Адразу ўспомніўся і школьны курс фізікі, і вясёлае дзяцінства, калі з дапамогай сонечнага промня і павелічальнага шкла кожны хоць раз спрабаваў здабыць агонь.

Пажарныя на наступны дзень вырашылі правесці эксперымент і пераканацца ў тым, што выпуклае люстэрка і адбіты ад яго прамень сапраўды сталі прычынай пажару.
Як выявілася, на тое, каб такім спосабам падпаліць плед, неабходна ўсяго пяць секунд. Агонь не разгарэўся толькі таму, што ў кватэры былі зачыненыя ўсе форткі, і не было доступу кіслароду.

Па словах пажарнікаў, такіх прычын пажару ў кватэрах яны згадаць не могуць, а вось у лясах, калі сонечны прамень, адбіты праз бутэлечны аскепак, рабіўся прычынай пажару, бывае нямала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?