Клясычнае qui pro quo! Па-нашаму кажучы, хто ў лес, а хто па дровы. Дакладней, па газ. Бо маю на ўвазе сьвежыя заявы акурат у газавым пытаньні.

Вось што кажа пра кошт блакітнага паліва прадстаўнік расейскай манаполіі Купрыянаў, а вось што — прэм'ер Сідорскі.

Тым часам ужо і дэпутат Кучынскі заклікае ўрад да рэалізму.

Праўду кажучы, прэм'ер Сідорскі выглядае чалавекам зусім цьвярозага ладу мысьленьня.

Але ж... "Нам бы толькі дзень прастаяць ды ноч пратрымацца!".

Карацей, доўжыцца фаза інфармацыйнае вайны. А на вайне як на вайне. Наперад, на міны!

Ды яшчэ айчынныя ўлады баяцца напалохаць раней часу электарат. Той і так ужо пакрысе пачынае трывожыцца, бо паўзуць чуткі пра скачок дарагоўлі пасьля Новага году. А чуткам нават ляяльны абываталь давярае болей, чым як афіцыёзным мэдыям.

Ва ўсякім разе, асобныя камэнтатары словаў Пуціна, бадай, трохі пасьпяшаліся "прадаць" палову нашае трубы расейцам.

Яшчэ ня вечар.

Дарэчы, знайшоў у сваім архіве фота 2004 году. Тады мы, група беларускіх журналістаў, мелі сустрэчу зь Мілерам у газпромаўскім хмарачосе-алоўку.

Ці ня праўда, сёньня гэтая "цагліна" набывае характар шматзначнага сымбалю?

Сама ж вандроўка ў Маскву была неўзабаве пасьля першай газавай вайны. Тады кіраўнік карпарацыі сказаў: пастаўкі газу паводле цаны пятага поясу Расеі магчымыя толькі ў выпадку "рэальнай інтэграцыі".

Што пад гэтай формулай мае на ўвазе Масква, наведнікам сайту "НН", мяркую, надта тлумачыць ня трэба.

Акрамя таго, на маё пытаньне — наколькі палітыка карпарацыі ўзгадняецца з Крамлём? — Мілер ляканічна адказаў: мы — дзяржаўная кампанія...

Між тым беларуская прапаганда яшчэ і сёньня спрабуе давесьці пра добрага цара Уладзімера, які нібыта ня ведае пра свавольствы газпромаўскіх мэнэджэраў.

Але ўжо, мусіць, і цьвёрды электарат можа з трох разоў здагадацца, з чыйго блаславеньня "Газпром" выпісвае алоўкам $200 ды ставіць "цагліну" на шляху таннага энэргарэсурсу ў Беларусь.

Эпоха газу ў абмен на пацалункі скончылася.

"Братняя інтэграцыя" вылазіць бокам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0