19:00
Суддзя спыніла чытанне матэрыялаў справы. Наступнае паседжанне суда па справе Мікіты Ліхавіда пачнецца заўтра, 24 сакавіка, а 10.00.
18:45

Пракурор зачытаў пратакол ператрусу ў кватэры Ліхавіда. Паводле яго, быў выняты камп'ютар, нотбук, DVD-дыскі, 17 асобнікаў улётак.

18:30

У матэрыялах справы, якія зачытвае пракурор, згадваецца серыя з больш як 15 фота, на якіх чалавек, названы Статкевічам (альбо Станкевічам) нібыта ажыццяўляе штурм Дома ўрада. Таксама, кажа пракурор, ёсць некалькі фота, на якіх "адлюстраваныя супрацьпраўныя дзеянні Ліхавіда"

18:12

Паводле матэрыялаў справы, на рэчах, знойдзеных на Плошчы, ёсць дастаткова шмат адбіткаў пальцаў. Аднак большасць з іх непрыдатныя для ідэнтыфікацыі асобы.

18:00

Пракурор зачытвае спіс рэчаў, знойдзеных на Плошчы Незалежнасці. Сярод іх пераважна бутэлькі ад вады "Банаква", сцягі, тронкі ад іх, вуды. Таксама на Плошчы, паводле пратаколу, было знойдзена 65 кавалкаў арматуры, фрагмент трубы, два ледарубы, драўляныя палкі.

17:47

На гэтым допыт сведкі скончыўся. Пракурор агалошвае матэрыялы справы.

17:45

Таксама Мікіта Ліхавід паведаміў суддзі, што бачыў Багданава ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Са словаў Мікіты, Багданаў хадзіў па калідоры Цэнтра з кіпай папераў. На Багданаву не было міліцэйскай формы, ён быў апрануты ў чорнае.

17:42

Ліхавід задае пытанні Багданаву. Спрабуе высветліць, як і калі Багданаў афармляў яго ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Багданаў не дае канкрэтных адказаў. Кажа толькі, што памятае "дзіцячы твар" Ліхавіда. Сам Мікіта сцвярджае, што Багданаў не затрымліваў яго і нават не складаў пратакол. Ліхавід кажа, што памятае таго, хто яго "афармляў". І што нават мае сведку -- іншага затрыманага на Плошчы.

17:30

Багданаў паведаміў суду, адкуль зразумеў, што Ліхавід з'яўляецца ўдзельнікам беспарадкаў. Кажа, што зразумеў гэта, калі пабачыў падсуднага ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Ён таксама кажа, што

складаў пратакол на Ліхавіда грунтуючыся на тым, што бачыў на Плошчы, хоць самога Ліхавіда не бачыў.

Адвакатка запытала ў Багданава,

ці разумее ён адказнасць за тое, што склаў пратакол затрымання з такімі вялікімі парушэннямі. Багданаў адказаў: "Не, не разумею".
17:25

Аказалася, што ў пратаколе, складзеным следчым падчас расследавання справы, запісана, што Багданаў паведаміў, нібыта з'яўляецца сведкам супрацьпраўных дзеянняў Ліхавіда. Адвакат указала на гэтае несупадзенне суддзі -- бо сёння Багданаў казаў, што не бачыў Ліхавіда на Плошчы.

17:22

Адвакатка спрабавала даведацца ў Багданава, што ён рабіў пасля таго, як пакінуў Плошчу: дзе афармляў пратакол на Ліхавіда. Суддзя ж палічыла, што гэтыя пытанні не тычацца справы і зняла іх.

17:20

Адвакат пытае ў Багданава, як ён праводзіў затрыманні. Аднак сведка кажа, што не памятае і не ведае, адкуль і куды ён вадзіў затрыманых: "У мяне з сабой не было хадамера".

17:05

Адвакатка працягвае допыт Багданава, аднак ён не адказвае на большасць пытанняў. Асабліва блытаецца ў тым, што, дзе і калі рабіў на Плошчы. «Там былі такія ўмовы, што адну хвіліну можна было адчуваць як паўгадзіны», — тлумачыць ён.

16:55

Адвакат запытала ў сведкі, якія дзеянні Ліхавіда ён назіраў на Плошчы Незалежнасці. Багданаў не адказаў на пытанне. Кажа, што памятае Ліхавіда толькі з пастарунка.

16:53

Пракурор апытвае Багданава, пытае, ці прымянялі спецназаўцы фізічную сілу, каб адціснуць дэманстрантаў ад прыступак Дама урада.

Сведка пацвярджае, што фізічная сіла прымянялася. Таксама Багданаў распавёў, што затрымліваў дэманстрантаў, а на Ліхавіда афармляў дакументы сам, уласнаручна.
Кажа, што Мікіта Ліхавід пасля затрымання паводзіў сябе спакойна.
16:48

Багданаў быў сярод тых спецназаўцаў, якія першымі падышлі да Дома урада, каб спыніць біццё шкла. Ён сцвярджае, што натоўп быў агрэсіўны — меў палкі, металічныя пруты, «фрагменты вудаў», вагнягаснікі.

16:45

Выкліканы сведка Аляксандр Багданаў. Ён кіроўца ПМСП.

16:41

Апытаныя ўсе пацярпелыя, прысутныя на пасяджэнні суда. Праўда, некаторыя спецназаўцы, учора заяўленыя як пацярпелыя, сёння ў суд не з’явіліся.

16:38

Адвакат падала хадайніцтва аб тым, што варта запісаць касету, адзнятую Кароўкам 19 снежня. Яна лічыць, што відэа можа быць карысным падчас працэса. Суддзя пастанавіла разгледзець хадайніцтва пасля апытання ўсіх пацярпелых.

16:35

Кароўка — адзіны з сведкаў, які пацвердзіў факт пагромаў. Іншыя спецназаўцы іх не бачылі. Кароўка ж сцвярджае, што бачыў як білі вокны, раскідалі смеццевыя бакі.

16:33
Адвакатка запытала ў Кароўкі, дзе дзелася запісаная ім на Плошчы Незалежнасці відэакасета.
Ён не змог адказаць, каму яе аддаў. Кажа, што не памятае.
16:26

Адвакат спрабуе высветліць у пацярпелага Кароўкі, ці бачыў ён Ліхавіда ля пабітых вокнаў Дома урада. Кароўка, які вольна перамяшчаўся па Плошчы, тэарэтычна мог бачыць падсуднага. Аднак Кароўка не змог сказаць, бачыў ён Ліхавіда ці не.

16:14

Пасля заканчэння акцыі Кароўка заўважыў, што ў яго пашкоджаны нос. Ён звярнуўся па дапамогу да медыкаў і быў шпіталізаваны на 4 дні,

арматуры і ледарубаў ён не бачыў.
15:58

Наступны пацярпелы — Яўген Кароўка.

19 снежня

ён быў у цывільным. Пачатку дэманстрацыі ён чакаў каля Макдональдса. Калі шэсце дайшло да яго, ён разам з усімі пайшоў на Плошчу Незалежнасці. Расказвае, што ён у цывільнай вопратцы, павінен быў фіксаваць правапарушэнні.

Ён вёў на Плошчы аператыўныя здымкі

 — быў з відэакамерай, расказвае, што ў нейкі момант людзі паставіліся да яго варожа і нехзта моцна ўдарыў яго па галаве — Кароўка нават страціў прытомнасць на некаторы час.
15:39

Наступны пацярпелы — Дзмітрый Міхалоў. Служачы ПМСП Мінгарвыканкама.

Міхалоў зброі — ні халоднай, ні агнястрэльнай — не бачыў. Кажа толькі, што бачыў на супрацоўніках ПМСП сляды выкарыстання парашковага вогнетушыцеля.

15:32

Суддзя папракнула адвакатку ў тым, што яна задае аднолькавыя пытанні пацярпеламу па некалькі разоў. Адвакат Дар’я Ліпкіна адказала: «Я хачу ва ўсім разабрацца. Не да канца разумею адказы пацярпелага». Узнікла кароткая спрэчка паміж адвакатам і суддзёй. Адвакат пасля гэтага папрасіла ўнесці ў пратакол заўвагі суддзі, якія яна лічыць неабрунтаванымі.

15:22

Новы пацярпелы.

Ён кажа, што калі рухаўся шэраг спецназа, ён згубіў свой шлем і атрымаў па галаве камнем ці кавалкам льда, якія дэманстранты кідалі ў спецназ, кажа, потым шлем знайшоў, і адзеў назад на галаву.

15:12

Пацярпелы: «Адзінае, што я бачыў — гэта як народ у кустарнік пабег. Напэўна, яны яго патапталі».

Ліхавід запытаўся ў Гушчы, чаму некаторыя супрацоўнікі нармальна чуюць цераз шлем, а некаторыя — не. Той адказаў, што гэта выклікана наладкамі гучнасці ў шлемафоне.

14:51

Суддзя пачала допыт пацярпелага Леаніда (?) Гушчу.

Ён кажа, што

бачыў ледаруб на Плошчы ўжо тады, калі натоўп разагналі. У руках дэманстарантаў ён не бачыў ніякіх прадметаў.

Пацярпелы кажа, што натоўп паводзіў сябе агрэсіўна — ад пагрозаў на адрас міліцыі да фізічнага гвалту. Але ён не назваў імёнаў спецназаўцаў, у дачыненні да якіх гвалт прымяняўся. Ён кажа, што людзі хацелі прарвацца да касцёла св. Сымона і Алены. Навошта, ён не ведае.

13:46

Абвешчаны перапынак да 14:45.

13:44

Ксяндзоў распавёў, што шэраг спецназа, у якім стаяў, не дазваляў людзям прайсці да метро. Падчас следства ён заявіў, што разам з калегамі не пускаў дэманстрантаў у Дом Урада. Суддзя і адвакат абмяркоўваюць гэту нестыкоўку.

13:34

Ліхавід пытаецца ў Ксяндзова, як дакладна садралі з яго шлем. Спецназавец тлумачыць, што шлем можна лёгка сарваць, пацягнуўшы яго ззаду ўверх.

13:29

Пачаўся допыт чарговага пацярпелага — Ксяндзова. Ён расказаў, як яго білі на Плошчы: «Калі мы пашыхтаваліся ў шэраг, то група з 30 чалавек, маладых людзей, паспрабавала прарваць шэраг. Рабілі тры спробы. Падчас адной спробы ім удалося сарваць мой шлем і ўдарыць мяне ў твар».

13:26

Ліхавід спытаўся ў Лісоўскага, якім быз яго маральны стан на Плошчы. Той сказаў, што ўпершыню бачыў столькі людзей, адчуваў напружанасць. Прызнаў, што магчыма гэта стала прычынай галаўнога болю, з якім ён звярнуўся да лекара пасля разгону дэманстрацыі.

13:09

Наступны пацярпелы — Васіль Лісоўскі. Ён не бачыў у дэманстрантаў зброі — толькі палкі і пляшкі з вадой. Пра пагромы ён таксама нічога паведаміць не можа. Ліхавіда ён не ведае і на плошчы не бачыў.

Ён пацвярджае словы іншых пацярпелых, што людзей з Плошчы разганялі ўнутраныя войскі. Спецназ толькі падзяліў натоўп на некалькі частак.

12:59

Ліхавід задаў пытанне спецназаўцу. Яго цікавіць, якім чынам пацярпелы мог атрымаць удар у правае калена ад дэманстрантаў, калі спецназ рухаўся двума шэрагамі, а пацярпелы быў ў у левым. Пацярпелы спецназавец не ведае дакладнага адказу. Ён лічыць, што дэманстранты кінулі нейкі прадмет, ён пралцяеў праз шжраг спецназа і ўдарыў пацярпелага ў калена.

Пасля гэтага пытання Ліхавіда суддзя, пракурор і адвакат таксама зацікавіліся акалічнасцямі здарэння.

12:42

Пачынаецца допыт Вадзіма Смірнова — спецназаўца ПМСП. Ён паведаміў, што дэманстранты выкрыквалі лозунгі «нехарошага характару — Сыходзь!».

12:39

Парай бачыў у дэманстрантаў толькі драўляныя палкі і вудачкі. Заклікаў разысціся не чуў. Кажа, што на Плошчы Незалежнасці быў з 22 гадзіны да 3-й ночы. Пасля разгону сядзеў у аўтатранспарце.

Парай расказаў, што пабачыў на ганку Дома Урада: «Калі я туды падышоў, то прыкладна 10 чалавек сканчалі біць шкло ў вокнах. Іх акружыл фотарэпарцёры, якія стараліся сфатаграфаваць разбітае шкло».

12:28

Пацярпелы Гушчык пагромаў і падпалаў не бачыў, да Ліхавіда прэтэнзій не мае — ён яго на Плошчы не бачыў.

Зараз пачынаецца допыт пацярпелага Сяргея Парая.

12:21

У спецназаўца, які сядзеў у першым шэрагу, гучна зазваніў тэлефон. У якасці рынгтона на ім была турэцкая этнічная мелодыя. Суддзя абурылася і загадала міліцыянеру выключыць тэлефон. «Так ён выключаны», — адказаў ён.

12.08

Гушчык расказаў, як спецназ упершыню выйшаў на плошчу Незалежнасці. Паводле яго словаў, спецназаўцы спрабавалі абараніць дзверы Дома урада і вельмі хутка забягалі на ганак. Аднак ён быў надзвычай слізкім і шмат хто з міліцыянтаў праслізгнуўся на ім і на ўласным шчыце з’язджаў у натоўп дэманстрантаў. Сяргей Гушчык таксама распавёў, што атрымаў удар ледарубам (адмысловай прыладай, прызначанай для збіцця лёду з ходнікаў). Пасля ўдару ён упаў.

12.05

Пачаўся допыт пацярпелага Сяргея Гушчыка. Спецназавец, камандуючы адным з адзялленняў ПМСН Мінгарвыканкама. Расказвае, што атрымоўваў каманды перамяшчацца паміж плошчай Незалежнасці і рэзідэнцыяй кіраўніка краіны.

12.02

Пацярпелы Тарасевіч, як і яго папярэднікі, пасля дачы паказанняў папрасіў суддзю адпусціць яго. Просьбу суддзя Пыкіна сустрэла эмацыйна: «Вы так зараз усе сыдзіце! Хто застанецца. Можна адпрошвацца з паседжанняў толькі ў выключным выпадку». Аднак сысці Тарасевічу ўсё ж дазволіла.

11.57

Пацярпелыя спецназаўцы задрамалі. У залі суда канчаткова запанавала ціша — гэта кардынальна адрознівае сённяшняе паседжанне ад учарашняга, калі суддзя тройчы супакойвала міліцыянтаў, якіх вельмі весялілі паказанні сваіх калег.

11.50

Пачынаецца допыт пацярпелага Тарасевіча. Тарасевіч, як і некаторыя іншыя спецназаўцы, расказвае што напачатку яны ахоўвалі рэзідэнцыю Лукашэнкі. Кажа, што пасля пачатку штурма Дому Урада ім паступіла каманда перамясціцца на плошчу Незалежнасці і адцясніць дэманстрантаў ад дзвярэй будынка.

11.45

Суддзя вынесла папярэджанне адвакатцы Д.Ліпкінай. Апошняя спрабавала высветліць, якім чынам спецназ праводзіць рассяканне натоўпу, ці прымяняе пры гэтым фізічную сілу. Пракурор угледзеў у пытанні адваката націск на пацярпелага і прапрасіў суддзю пакараць Д.Ліпкіну папярэджаннем.

11.42

Жызнеўскаму дэманстранты на плошчы Незалежнасці нанеслі «ушыб рэбраў». Аднак пагромаў і зброі ў іх руках ён не пабачыў. Што праўда чуў, як мітынгуючых прасілі разісціся.

11.35

Судззя выклікала наступнага пацярпелага — спецназаўца Сяргея Жызнеўскага. Ён Ліхавіда таксама не пазнаў. Кажа, што незнаёмы з ім, упершыню пабачыў учора.

11.18

Адвакат Ліпкіна запытала ў Палавінкіна, што рабілі дэманстранты на плошчы Незалежнасці. Ён расказвае: «Размаўлялі паміж сабой, гукалі лозунгі, махалі сцягамі, больш нічога». «Вы бачылі пагромы, сутыкненні з міліцыяй?», — пытае адвакат? «Не. Я такога не бачыў. Перамяшчаўся па перыметру плошчы Незалежнасці і нічога не заўважыў. Там, дзе білі шкло, я не быў», — адказвае Палавінкін.

11.15

Палавінкін расказаў, як яго пабілі. Калі на плошчы Незалежнасці перастала працаваць мабільная сувязь, ён быў вымушаны скарыстацца службовай рацыяй для таго, каб перадаць паведамленні кіраўніцтву. Гэта заўважыў нехта з дэманстрантаў і знянацку нанёс яму ўдар кулаком у твар. «Я прыйшоў у замяшальніцтва», — кажа Палавінкін.

11.07

Пачаўся допыт пацярпелага Андрэя Палавінкіна. Ён служачы ПМСП МІнгарвыканкама, як і астатнія пацярпелыя. Палавінкін адразу заявіў, што абвінавачанага Ліхавіда першы раз у жыцці ўбачыў учора.

Палавінкін быў на Плошчы ў цывільнай вопратцы — выконваў загад камандавання. Ён распавёў цікавы факт — камандаванне адразу накіравала яго на плошчу Незалежнасці — на Кастрычніцкай ён увогуле не быў. Яму загадалі назіраць за дэманстрантамі — што яны нясуць, як сябе паводзяць.

11.05

Перапейка не бачыў на Плошчы фактаў узброенага супраціўлення супрацоўнікам міліцыі, пагромаў.

11.00

Адвакатка Д.Ліпкіна спрабуе высветліць у пацярпелага Перапейкі, як доўга ён быў на плошчы Незалежнасці 19 снежня і якімі былі апошнія атрыманыя ім каманды. Спецназавец не адказвае на гэтыя пытанні. Кажа, што меў «вельмі эмацыйны стан». Адвакат таксама запыталася ў пацярпелага, чаму ён не з’явіўся на медэкспертызу. «Я ніякіх пазоваў на рукі не атрымоўваў. Навошта мне самому туды ехаць? Праз тры месяцы на мне ўжо ніякіх слядоў не засталося. Навошта мне туды ехаць?», — адказаў ён.

10.50

Перапейка распавёў пракурору наступнае: «Калі мы рухаліся з боку касцёла св. Сымона і Алены, адзін з дэманстрантаў паставіў мне падножку, а другі штурхнуў у спіну. Я ўпаў. Тады мяне пачалі біць рукамі і нагамі. Адбілі мяне калегі… Мне асабіста пагражалі фізічнай расправай, называлі фашыстам. Пры гэтым дэманстранты выкрыквалі розныя лозунгі, у тым ліку «Жыве Беларусь!».

10.46

Дапытваюць пацярпелага Віталя Перапейку — спецназаўца ПМСП Мінгарвыканкама.

Варта заўважыць, што як і ўчора, сакратарка правярае дакументы ва ўсіх пацярпелых. Учора адвакатка М.Ліхавіда Дар’я Ліпкіна настаяла на тым, каб асобы пацярпелых парвяраліся.

10.45

Адвакат Ліпкіна спрабавала высветліць у пацярпелага Масальскага, ці ён бачыў на Плошчы у руках дэманстрантаў зброю — сякеры, штыры. Ён паведаміў, што нічога такога не бачыў. Расказвае толькі аб заўважанім ім агні.

10.38

Мікіта Ліхавід сёння выглядае такім жа бадзёрым, як і ўчора. Ён сеў бліжэй да краю клеткі, каб бачыць прысутных у залі. Спецназаўцаў сёння менш і гэта дазволіла яго маці сесці на некалькі шэрагаў бліжэй да сына.

Акрамя маці на паседжанні прысутнічаюць родныя і сябры Мікіты. Яны занялі ўвесь чацьвёрты шэраг — самы блізкі з дазволеных сакратаром.

10.30

Змяншэнне колькасць спецназаўцаў у залі суда вельмі пазітыўна паўплывала на дысцыпліну — стаіць цішыня і выразна чутно кожнае слова.

Аднак некаторыя пацярпелыя ўжо задрамалі. Відавочна, што удзел у працэсе для іх не самы прыемны і цікавы занятак.

10.23

Пачынаецца допыт пацярпелага міліцыянта Масальскага.

Пацярпелы расказвае: «Я бачыў агонь. Не магу сказаць, што менавіта гарэла, але я бачыў агонь. Калі я на яго глядзеў, мяне выцягнулі з шэрагу. Іх было 3–4 чалавекі. Білі ў шчыт рукамі, нагамі і нечым цяжкім. Я думаю, што гэта была палка».

10.20

Суддзю Наталлю Пыкіну зацікавіў факт, што пацярпелы Лявіцкі кажа аб ненаўмыснасці нанесенай яму шкоды. У пратаколе следчага пазначана, што ён пацярпеў менавіта ад наўмысных дзеянняў дэманстрантаў. Яна пачала задаваць дадатковыя пытанні Лявіцкаму, што выклікала пратэст з боку адваката М.Ліхавіда Дар’і Ліпкінай. Пасля непрацяглай спрэчкі адвакатка атрымала чарговае (ужо другое) папярэджанне.

Між тым пацярпелы Лявіцкі паўторна заявіў суддзі, што лічыць удар шчытом выпадковасцю.

10.07

Лявіцкі расказвае, што на Плошчы не чуў, каб нехта заклікаў дэманстрантаў разыходзіцца. Спасылаецца на тое, што уважліва слухаў каманды па рацыі. Міліцыянт таксама настойвае, што на плошчы Незалежнасці ніхто не наносіў яму наўмысных удараў. Адзін з дэманстрантаў, падаючы, зачапіўся за шчыт Лявіцкага, а шчыт ударыў яго па твары. Спецназавец настойвае на тым, што гэты быў выпадковы штуршок. Ён не лічыць сябе пацярпелым ад масавых беспарадкаў, Мікіту Ліхавіда на плошчы Незалежнасці ён не бачыў.

10.00

Працэс працягнуўся. Суддзя апытвае пацярпелага Лявіцкага. Ён кіроўца ПМСН Мінгарвыканкама. Лявіцкі, як і шэраг іншых пацярпелых спецназаўцаў, ужо праходзілі ў якасці пацярпелых на працэсах І.Гапонава, А.Брэуса і Д.Мядзьведзя.

9.55

Родных, журналістаў і пацярпелых запусцілі ў залю. Колькасць пацярпелых спецназаўцаў значна скарацілася. І не толькі за кошт дзесяці, апытаных учора. Сакратарка паседжання доўга гукала спецназаўцаў па калідорах суда, аднак усе так і не сабраліся. Зараз іх на судзе прысутнічае 15.

У судзе Партызанскага раёна Мінска працягваецца разгляд справы Мікаты Ліхавіда.
20-гадовага юнака вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, нанясенні шкоды будынку Дома урада, а таксама ўзброеным супраціве супрацоўнікам міліцыі.

Працэс пачаўся 22 сакавіка, аднак у першы дзень суд змог выслухаць паказанні толькі дзесяці з 29 пацярпелых на Плошчы спецназаўцаў.

«НН» працягвае весці анлайн-рэпартаж з залі суда.

Нагадаем, што актывіст Руху «За свабоду» Мікіта Ліхавід быў затрыманы 19 снежня на плошчы Незалежнаці і асуджаны на 15 сутак арышту ў Жодзінскім СІЗА. Аднак 23 студзеня пастанова аб арышце была адменена, і Мікіта быў пераведзены ў статус абвінавачанага па справе аб масавых беспарадках. З Жодзіна яго перавялі ў мінскую «Валадарку».

***

Абвінавачванымі па справе аб масавых беспарадках з’яўляюцца 42 чалавекі. Сямёра з іх ужо асуджаны: за ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму; Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна; грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў — да штрафу ў 300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў) кожны; Дзмітрый Мядзведзь — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?