Рынкавая цана «Белтрансгазу» складае ад 10 да 17 мільярдаў даляраў, лічыць прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі. «Зыходзячы з гэтага, мы і вядзём перамовы», – заявіў у чацьвер у палаце прадстаўнікоў Сяргей Сідорскі.

«Мы спадзяемся, што тыя парамэтры, якія будуць пададзеныя ў перамоўным працэсе беларускім бокам (Міністэрства энэргетыкі, «Белтрансгаз»), будуць аб’ектыўна ўспрынятыя нашымі партнэрамі з расейскага боку», – падкрэсьліў ён.

Сяргей Сідорскі таксама нагадаў, што бакі падпісалі дамову пра правядзеньне галяндзкім банкам ABN незалежнай ацэнкі «Белтрансгазу». Паводле ягоных словаў, праца экспэртаў паказвае, што разьлікі, пададзеныя спэцыялістамі зь беларускага боку, апраўданыя, маюць пад сабой канкрэтныя эканамічныя падставы.

Сяргей Сідорскі таксама нагадаў, што Беларусь атрымлівала і атрымлівае расейскі газ па рынкавых цэнах. Ён адзначыў, што «для Беларусі цана на газ – рынкавая. Яна ўсталёўваецца між «Белтрансгазам» і «Газпромам» заключэньнем кантракту, зыходзячы з рынкавай цаны газу, прапанаванай «Газпромам» «ва ўвязцы з транспартнай сыстэмай нашай краіны».

У залежнасьці ад рынкавай транзытнай стаўкі, ад аб’ёму, ад перамоўных пазыцый беларускага і расейскага бакоў і фарміруюцца кантракты, – патлумачыў прэм’ер-міністар. «І ніхто нікому ніякай ласкі не рабіў і ня робіць», – падкрэсьліў ён.

«І калі мы кажам сёньня пра павышэньне рынкавай цаны для Беларусі, як заяўляе «Газпром», да ўзроўню 200 даляраў за тысячу кубамэтраў, – гэта права расейскага боку. Але права беларускіх перамоўнікаў – прапанаваць умовы, у якіх будуць працаваць эканомікі абедзьвюх краінаў».

Кіраўнік ураду падкрэсьліў, што пазыцыя Беларусі стаіць у тым, што «стратэгія фармаваньня рынкавай цаны – гэта павышэньне на ўзроўні 15%, якое закладзенае ў стратэгіі расейскага ўраду». «Мы спакойна ставімся да той стратэгіі, якая прынятая ўрадам Расеі па павелічэньні цаны на газ да 2011 году да 180 даляраў», – рэзюмаваў прэм’ер-міністар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?