Магілёўская абласная каардынатарка БХД Таісія Кабанчук і яшчэ тры сябры аргкамітэта БХД былі затрыманыя сёння ў Бабруйску за распаўсюд улётак пра гісторыю свята 25 сакавіка.
Іх затрымалі каля 16.40 у цэнтры горада насупраць Цэнтральнага рынка, каля помніка бабру, і завезлі ў Бабруйскі РАУС.

Як паведаміла прэс-службе БХД Таісія Кабанчук, разам з ёй затрыманыя Максім Рыжкевіч, Галіна Смірнова і Вольга Піменава. Агулам у іх было крыху больш за 100 улётак.

Міліцыянты доўга вывучалі іх змест, размаўлялі з актывістамі пра БНР і гісторыю Беларусі.
Затым на Кабанчук і Рыжкевіча склалі пратаколы допыту і вярнулі практычна ўсе ўлёткі, пакінуўшы сабе ўзоры.

Падчас допыту Максіму Рыжкевічу пагражалі штрафам у 50 базавых велічыняў паводле артыкула 22.9 Адміністрацыйнага кодэкса РБ за масавы распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных дадзеных.

Роўна праз 3 гадзіны пасля затрымання актывістаў адпусцілі, уручыўшы ім позвы на прафілактычную гутарку на заўтра, 23 сакавіка, на 17.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?