У барацьбу за расейскае прэзыдэнцкае крэсла ўключыўся Сяргей Чэмезаў, дырэктар фірмы «Рособоронэкспорт», манапаліста ў гандлі расейскай зброяй. З Пуціным ён знаёмы з савецкай разьведкі

Прэзыдэнцкія выбары ў Расеі маюць адбыцца ў 2008 г., аднак ужо цяпер некалькі кандыдатаў на чарговага гаспадара Крамля прэтэндуюць на голас адзінага істотнага выбаршчыка – прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. Менавіта яго падтрымка падчас выбарчай кампаніі дасьць кандыдату камфотнае абслугоўваньне тэлевізіяй, дапамогу мясцовай адміністрацыі і вялізныя грошы.

Памкненьні Чэмезава, якога ў суботу абралі ў кіраўніцтва кіруючай партыі «Единая Россия», былі на гэтым тыдні пацьверджаныя вялікім інтэрвію ўва ўрадавай «Российской газете». Чэмезаў – блізкі знаёмы Пуціна, якога ведае з часоў працы ў савецкай разьведцы ў ГДР.

— Мы жылі па суседзтве. Вельмі часта размаўлялі як на службовыя, так і на асабістыя тэмы – прызнаўся нядаўна Чэмезаў. У 90-я гг. абодва былыя разьведчыкі знайшлі працу ў тым самым аддзеле канцылярыі Крамля.

Калі Пуцін стаў прэзыдэнтам, ён пачаў фаварызаваць Чэмезава і ўрэшце паставіў яго на чале вялізнага і заможнага манапаліста ў гандлі расейскай зброяй. Чэмезаў на гэтай пасадзе апраўдаў аказаны яму давер і даволі спраўна вывеў «Рособоронэкспорт» з заняпаду і вярнуў яму пазыцыю аднаго з найбуйнейшых экспартэраў зброі ў сьвеце.

Сувязі палітычных элітаў зь бясьпекай і разьведкай прымушаюць шмат якіх расейцаў падазраваць, што гэта службы кіруюць краінай. Аднак абаронцы Пуціна пераконваюць, што былыя супрацоўнікі разьведкі проста параўнальна мала схільныя да карупцыі і алькагалізму, а таксама належаць да найбольш кампэтэнтных чыноўнікаў.

— Калі яны выстаялі на замежных пунктах разьведкі, дык значыць, ня дурні. Таму яны і зьяўляюцца асноўнай крыніцай кадраў – так нядаўна «Газэце выборчай» патлумачыў адзін урадавы бюракрат.

Масмэдыя ўжо год як пішуць пра двух асноўных кандыдатаў на пераемніка Пуціна – віцэ-прэм’ераў Дзьмітрыя Мядзьведзева і Сяргея Іванова. Сёлета ўвесну некаторыя публіцысты ўключылі ў гэтую групу і кіраўніка расейскай чыгункі Ўладзімера Якуніна.

Расейцы часам параўноўваюць перадвыбарчую барацьбу фаварытаў Пуціна зь бітвамі ў сьняжкі, да якіх прымушаў сваіх прыдворных цар Пётар Вялікі. Канкурэнцыя прэзыдэнцкіх наступнікаў, аднак, ня ёсьць чыстай забавай. Бо кожны з фаварытаў шукае падтрымкі моцных лобі (прамысловых, вайсковых), між якімі Пуцін мусіць балянсаваць таксама і пры выбары наступніка.

Чэмезаў успрымаецца як чалавек, здольны аб’яднаць інтарэсы вайсковых групаў уплыву (праз кантроль над ваеннай прамысловасьцю) з г.зв. крамлёўскімі лібэраламі. Першыя чуткі пра прызначэньне Чэмезава прэм’ерам зьявіліся ўжо сёлета ўвесну. Шлях Пуціна да пасады прэзыдэнта таксама вёў праз пасаду кіраўніка ўраду.

Фота expert.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?