Было гэта некалькі гадоў таму. Але памятаецца ў дэталях так, быццам усё адбывалася ўчора. Расчыненыя раты родных, здзіўленыя погляды тагачасных сяброў і рытарычныя пытанні знаёмых — «ты чаго?».

Я быў «нармальным» маладым чалавекам, нічым асаблівым з аднастайнай масы свайго горада не вылучаўся, але пачаў чытаць незалежную прэсу. І ўпершыню ў жыцці пачаў задумвацца: а сапраўды, чаму я, беларус, не размаўляю ў Беларусі па-беларуску? І надышлі шматмесячныя роздумы. Мяне ўразіла: чаму я не заўважаў гэтага дзіўнага і сумнага факту раней? Чаму, да прыкладу, у школе настаўніца беларускай мовы і літаратуры ні разу не звярнула на гэта нашу ўвагу?

Я з натхненнем вырашыў выправіць сітуацыю. Зрабіўся сталым чытачом «Нашай Нівы» і купляў сучасную беларускую літаратуру. Зразумеў, што так мяне вабіла і прыцягвала ў песнях NRM, і палюбіў іх яшчэ больш.

Калі чытаў тэксты з «і» і «ў», то нібы глядзеў на творы мастацтва. Нягледзячы на нядрэннае навучанне ў школе, шмат якія словы мне былі наогул незразумелыя. У маім асяроддзі беларускамоўныя людзі адсутнічалі — вучыцца не было ў каго. Я завёў сшытак, куды выпісваў невядомыя канструкцыі і іх пераклад на расійскую, знойдзены ў слоўніку. Вучыў родную мову, як замежную ангельскую.

Тэорыя тэорыяй, але патрэбная была практыка — скласці беларускія словы ў прыстойны сказ я не мог. Купіў тоўсты расійска-беларускі слоўнік і пастанавіў: дома размаўляць толькі па-беларуску.

«Не забудзь набыць мне ў краме «кока-колы», — вымавіў я. Мама ледзь не самлела, сястра зарагатала. Але дзіўная рэакцыя была толькі першыя тры дні — потым родныя прывыклі.

А я са слоўнікам ішоў на кухню снедаць, прымаць душ, глядзець тэлевізар. Рэагаваў на пытанні вельмі павольна: пра сябе перакладаў адказы з расійскай на беларускую, некаторыя словы ўсё роўна выляталі з галавы, і даводзілася разгортваць слоўнік. Казаў карава і няскладна.

На шчасце, з кожным днём мая гаворка рабілася ўсё лепшай, з расійскай на беларускую я перакладаў усё хутчэй, ды і ў зашмальцаваны слоўнік зазіраў усё радзей.

Так прайшлі тыдні, а праз два месяцы практыкі я ўсвядоміў: цяпер ужо не сорамна з’явіцца з такой беларускай мовай не толькі дома, але і на вуліцы, працы, перад сябрамі-знаёмымі.

Першым, каму давялося сутыкнуцца з маім новым вобразам, стаў сябар дзяцінства. Ад здзіўлення ён вылаяўся матам і закурыў. «І што, ты цяпер будзеш увесь такі культурны, у пінжачку і на піва не хадзіць?» — з непрыхаванай цікавасцю спытаў ён. Я ўмомант паслаў яго мацюкамі, чым, безумоўна, трохі супакоіў. «Добра, размаўляй па-беларуску, але толькі са мной — па-расійску», — прапанаваў ён. Я яшчэ больш весела вымавіў мацюкальны выраз.

Нашы адносіны мая беларуская мова ніяк не змяніла. Але што цікава, 90% знаёмых мне людзей пры сустрэчы таксама прасілі зрабіць ім выключэнне і гаварыць, як раней, на расійскай. Саромеліся нечага, бедныя. Натуральна, нікому патураць я не збіраўся.

Самым цяжкім для мяне ў псіхалагічным плане была не першая размова на беларускай са знаёмымі людзьмі, а зварот да незнаёмых у аўтобусах, крамах, кавярнях.
Практычна не мела значэння, што я пытаўся, якія прадукты хацеў купіць, адказ быў аднолькавы: «Што?». Большасць беларусаў папросту не чакала, што да іх могуць звярнуцца па-беларуску. Таму сваё пытанне мне даводзілася паўтараць двойчы, а то і тройчы. А ўжо калі я пытаўся гарбату, мозг прадстаўнікоў сферы абслугоўвання наогул падвісаў.

Гэта, безумоўна, раздражняла і напружвала. Скажу шчыра: праз нейкую гадзіну я адмовіўся ад таго, каб прыводзіць у ступар прадаўцоў — гэта забірала сілы і ў мяне, і я вырашыў, што яны спатрэбяцца на больш важныя справы.

Тым часам я ужо пачаў заўважаць, што пачынаю думаць па-беларуску! Праўда, дастаткова мне было прачытаць што-небудзьпа-расійску, як думкі зноў пачыналі выпрацоўвацца на іншай мове. Але з часам гэта прайшло.

Так, шматлікія пыталіся і пытаюцца: чаму ты размаўляеш па-беларуску? Я доўга думаў, як адказваць на гэтае пытанне, таму што насамрэч у гэтым рашэнні сышлося шмат фактараў: патрыятызм, голас сумлення, жаданне адрознівацца ад іншых і г.д. Але нарэшце я зразумеў, які адказ будзе кароткім і адначасова правільным: мне падабаецца беларуская мова.

Гэта прыгожа. Я памахаў рукой шэрасці і штодзённасці і сказаў «прывітанне» нечаму незвычайнаму. Быццам бы ператварыўся ў іншага чалавека, які нарадзіўся не ў Савецкім Саюзе, а ў краіне, якой варта захапляцца, але пра якую пакуль мала хто чуў. Усё вакол набыло колер, нібыта да гэтага было чорна-белым. Полотенце зрабілася ручніком, рюкзак — заплечнікам, звонки — тэлефанаваннямі, открытки — паштоўкамі, любовь — каханнем, март — сакавіком.

Неяк само сабой з’явіліся беларускамоўныя сябры, а старыя знаёмыя з часам нечакана пачалі ганарыцца мной. І калі нядаўна пасля паходу з кампаніяй у лазню я вяртаўся дадому на таксоўцы, глядзеў праз шкло на густы снег і задаў сабе пытанне: «А чым жа ты можаш ганарыцца ў жыцці?», то ведаў ужо прынамсі адзін адказ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?