Шмат хто зь фігурантаў справы 19 сьнежня атрымаў лісты падтрымкі ад міністра замежных спраў Славакіі Мікалаша Дзурынды.

Так, абвінавачаная ў справе 19 сьнежня Натальля Радзіна атрымала з Славакіі ліст салідарнасьці ад міністра замежных спраў гэтай краіны Мікалаша Дзурынды.

Радзіна: «Тэкст ліста такі. «Зараз, пасьля сьнежаньскіх выбараў у Беларусі і падаўленьня акцый пратэсту, Славакія падтрымала рашэньне Рады Эўразьвязу пра ўзмацненьне санкцый супраць фальшаваньня выбараў і ўзмацніла падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Аб разьвіцьці палітыкі што да Беларусі мы размаўлялі 3 сакавіка ў Браціславе на сустрэчы міністраў замежных спраў краін Вышаградзкай групы — Славакіі, Чэхіі, Польшчы, Вугоршчыны, у якой бралі ўдзел таксама міністры замежных спраў Нямеччыны Гі дэ Вэстэрвэле, высокая прадстаўніца Эўразьвязу Кэтрын Эштан ды эўракамісар Штэфан Фюле. Прыміце, калі ласка, мае найлепшыя пажаданьні здароўя і абяцаньні, што намаганьні па вызваленьні беларускіх палітвязьняў будуць працягвацца».

Паводле Натальлі Радзінай,

разам зь лістом быў прысланы фотаздымак, зроблены на акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі.
Акцыя праходзіла на месцы, дзе 23 гады таму жорстка разагналі акцыю пратэсту грамадзянаў супраць гвалту над свабодай ў Чэхаславакіі. У акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі бралі ўдзел славацкія палітыкі, у тым ліку Мікалаш Дзурында, і беларускія палітыкі, у прыватнасьці, Станіслаў Шушкевіч і Аляксандар Казулін. Удзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты беларускіх палітвязьняў.

Такія ж лісты ад міністра замежных спраў Славакіі спадара Дзурынды атрымалі днямі сваякі Паўла Севярынца, Андрэя Саньнікава, Зьмітра Бандарэнкі і былы кіраўнік штабу Саньнікава Ўладзімер Кобец.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?