«Добры год» («Good Year»)

Фінансавы махляр Макс Скінэр (Расэл Кроў) атрымлівае ў спадчыну ад памерлага дзядзькі вінаграднік у Правансе. Дзелавы Скінэр зьбіраецца прадаць сядзібу, але яго не адпускаюць дзіцячыя ўспаміны. А рамантычнае каханьне да мясцовае прыгажуні і навазнойдзеная сваячка ўзмацняюць ваганьні.

Тактоўная, далікатная й рамантычная стужка Рыдлі Скота. «Не ў грашах шчасьце!» – хаця яны таксама будуць. Герой стаіць перад выбарам: адмовіцца ад сваіх успамінаў, чалавечнасьці, ціхіх сямейных радасьцяў – ці паслаць к чорту апрыклую фінансавую калатнечу. Няцяжка здагадацца, якім будзе фінал, але зьдзіўляе, наколькі пасьлядоўна амэрыканскі фільм дыскрэдытуе сквапнае грашалюбства.

Такія стужкі называюць «жаночымі». Але, у адрозьненьне ад іншых жаночых фільмаў, сьлёзы, сьмех, жарты й драматычныя ўскладненьні падабраныя тут у неабходнай прапорцыі. Ляніва-густоўны Расэл Кроў – фінансавы мярзотнік, жартаўнік, закаханы; мудры дзядзька Альбэрт Фіні, правансальская дзяўчына з характарам – і прыгажуня-сястра.

Рамантычнае спатканьне ў адкрытым кінатэатры, дзе дэманструюцца мэлядрамы, – і дождж, як выпрабаваньне для закаханых; пацешны дзядок з правансальскім дыялектам і біржавыя інтрыгі.

Праблемы вырашаюцца амаль бесканфліктна, на стале чырвонае віно рэдкага гатунку… І ці настолькі важна, што правансальскае віно згатаваў амэрыканец па галівудзкіх рэцэптах?

ЗША, 2006, каляровы, 118 хв.

Жанр: мэлядрама.

Адзнака: 6 (з 10).

Расклад сэансаў на Kino.br.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?