Самая масавая галадоўку пратэсту ў гісторыі Беларусі: нечаканая шматлікасьць шэрагаў апазыцыі. Жонцы Казуліна ўпершыню дазволілі тэлефонную гутарку з мужам. Аляксандар Казулін: мне прыйшоў час узважыць. Кіраўніцтва калёніі “Віцьба”: сёньня Казулін спыніць галадоўку.

Ірына Казуліна мела сёньня 10-хвілінную тэлефонную гутарку з сваім мужам, які ўжо 50 дзён трымае галадоўку пратэсту супраць парушэньняў правоў чалавека ў краіне. Яна паведаміла яму, што Вярхоўны камісар у справах правоў чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый рыхтуе адмысловую заяву з нагоды галадоўкі экс-кандыдата ў прэзыдэнты. Яна таксама перадала яму заклікі лідэраў палітычных партыяў, Саюзу пісьменьнікаў і ПЭН-Цэнтру, Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” спыніць галадоўку.

Аляксандар Казулін заявіў, што цяпер яму трэба ўсё ўзважыць і прыняць рашэньне, ці працягваць галадоўку.

Ён пратэстуе супраць незаконнага, на ягоную думку, знаходжаньня пры ўладзе Аляксандра Лукашэнкі й дабіваецца разгляду пытаньня аб правах чалавека ў Беларусі на Радзе Бясьпекі ААН.

Тым часам кіраўніцтва калёніі “Віцьба” паведаміла, што, паводле яго інфармацыі, Казулін у пятніцу мае спыніць галадоўку.

Тым часам у пятніцу ў Беларусі адбылася масавая галадоўка салідарнасьці. У ёй удзельнічалі ня меней за 500 чалавек: дзьвесьце сацыял-дэмакратаў з Грамады і трыста іншых актывістаў апазыцыі і інтэлігенцыі, у тым ліку Віктар Івашкевіч, Алена Скрыган, Алесь Пашкевіч.

Галадоўкі сталіся адзіным спосабам зьвярнуць увагу ўлады на тыя ці іншыя праблемы ў Беларусі. “Людзі ня маюць іншага мэтаду, каб іх пачулі, скажам, праз газэту ці вуліцу, таму застаюцца адны галадоўкі”, -- сказала “Нашай Ніве” пісьменьніца Ірына Жарнасек. “Я лічу такі сродак жыцьцяздольным”, -- сказаў з нагоды пасьпяховай галадоўкі гарадзенскіх каталікоў ксёндз Андрэй Сідаровіч з Росіцы. Масавасьць гэтай адчайнай зьявы сьведчыць таксама пра шырыню пратэставае базы беларускай апазыцыі і нечаканую шматлікасьць шэрагаў пасьля дзесяці гадоў рэпрэсіўнага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

Глядзі яшчэ: Ірына Казуліна: Муж падумае, ці варта спыніць галадоўку

?

Лідэры аб’яднанай апазыцыі 7 сьнежня зьвярнуліся з адкрытым лістом да прэм’ера Сяргея Сідорскага адносна патрабаваньняў Аляксандра Казуліна.

Лідэры апазыцыі пішуць пра тое, што Аляксандр Казулін, які праводзіць палітычную галадоўку ў калёніі, яшчэ 20 верасьня заклікаў Сяргея Сідорскага згодна з Канстытуцыяй ўзяць на сябе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы і прызначыць новыя прэзыдэнцкія выбары, паколькі, як лічыць Казулін, Аляксандр Лукашэнка займае пасаду прэзыдэнта незаконна. Аднак Сяргей Сідорскі дагэтуль не адказаў на заклік Аляксандра Казуліна, нагадваюць аўтары ліста.

«Сёньня мінае 49-ы дзень палітычнай галадоўкі Аляксандра Казуліна. Жыцьцё палітыка пад пагрозай. Поўная адказнасьць за жыцьцё і здароўе экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна ўскладаецца на беларускія ўлады», — пішуць аўтары ліста да Сяргея Сідорскага і заклікаюць прам’ера тэрмінова адказаць Аляксандру Казуліну.

Паводле штабу Аляксандра Казуліна, ліст падпісалі Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч, Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Аляксей Кароль, Аляксандр Бухвостаў і Аляксандр Мілінкевіч.

Радыё Свабода

?

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) рыхтуе масавую акцыю ў падтрымку свайго лідэра, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар партыі Раіса Міхайлаўская.

Паводле яе слоў, 8 сьнежня спаўняецца 50 дзён як Казулін абвясьціў галадоўку. У гэты дзень 200 менскіх актывістаў партыі правядуць аднадзённую галадоўку салідарнасьці з Аляксандрам Казуліным і будуць заклікаць яго спыніць акцыю.

Еўрапейскае радыё для Беларусі

?

Старшыня рады БНР Івонка Сурвіла зьвярнулася да Аляксандра Казуліна з заклікам спыніць галадоўку

«Спадар Аляксандар! Вы зрабілі ўсё, што маглі, каб прыцягнуць увагу сьвету да бедаў нашай Бацькаўшчыны! Моцна прашу Вас, дзеля Ірыны, і дзеля ўсіх, хто цяпер з Вамі ў думках – спыніце галадоўку!» -- заклікае Аляксандра Казуліна Старшыня Рады БНР

Радыё Свабода

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?