БПС-Банк прыпыніў крэдытаванне фізічных асоб у беларускіх рублях. Калі выдача спажывецкіх крэдытаў і аўтакрэдытаванне прыпыненыя на тыдзень, то крэдытаванне жылля спынена на нявызначаны тэрмін. Гэта можа быць звязана з чаканнямі дэвальвацыі і агульнай нервознасцю на фінансавым рынку Беларусі.

«Часова з 2011/03/25 па 2011/04/03 не ажыццяўляецца прыём пакета дакументаў на прадастаўленне крэдытаў на спажывецкія патрэбы і набыццё аўтатранспартных сродкаў і з 2011/03/28 на фінансаванне нерухомасці грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў», — гаворыцца ў паведамленні на афіцыйным сайце банку.

БПС-Банк — адна з самых устойлівых фінансавых установаў, бо ягоным уласнікам з’яўляецца расійскі «Сбербанк».

Нягледзячы на заявы кіраўніка банка Мацюшэўскага, што «ў абменніках БПС-Банка ёсць валюта, мы задавальняем попыт», стала таксама вядома пра ўвядзенне банкам абмежаванняў на валютныя аперацыі праз карткі.

«Часова з 2011/03/26 аперацыі па пластыкавых картах да карт-рахунках фізічных асоб у беларускіх рублях на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюцца толькі ў беларускіх рублях», — паведамляе сайт банку.

Праблемы на валютным рынку Беларусі звязаныя з рэзкім абвастрэннем дэфіцыту бягучага рахунку краіны. У выніку перадвыбарнага перагрэву эканомікі імпарт значна перавысіў экспарт. У той жа час магчымасць замежных запазычванняў зменшылася, бо памер замежнага доўгу дасягнуў значэння 50% ад ВУП.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?