Успамін дзяцінства. Цудоўным летнім днём дзядуля вядзе мяне на менскі вакзал. Там агромністы натоўп чакае прыбыцьця нейкага цягніка. Мне нічога не відаць з-за сьпінаў людзей, і ў момант, калі цягнік прыбывае на пэрон, дзядуля падхоплівае мяне й саджае на свае плечы. "Глядзі!" - кажа ён. І я бачу, як у тамбуры аднаго з вагонаў зьяўляецца чалавек у сінім, як мне падалося, гарнітуры. Ён усьміхаецца, лысіна блішчыць на сонейку. "Гэта Хрушчоў!" - кажа дзядуля...

Я тады яшчэ ня ведаў, хто такі Хрушчоў. Аднак, калі праўда, што лёс чалавека у чымсьці залежыць ад ягонага ўласнага імя, дык першы сакратар ЦК КПСС адыграў пэўную ролю ў маім жыцьці. Рэч у тым, што бацькі хацелі назваць мяне Мікітам. Але сябры іх адгаварылі. Людзі ж падумаюць, што гэта ў гонар "дарагога Мікіты Сяргеевіча". Сьмеху варта!

Бомба запаволенага дзеяньня

50 гадоў таму, калі мае бацькі вырашалі пытаньне зь імем свайго нашчадка, разгортваліся рэвалюцыйныя падзеі ў Вугоршчыне. Улетку 1956-га сталініста Ракашы на чале краіны зьмяніў лібэральны камуніст Імрэ Надзь. Ён заявіў пра выхад Вугоршчыны з Варшаўскага пакту. Пры канцы кастрычніка савецкія войскі былі выведзеныя з Будапэшту, але празь некалькі дзён вярнуліся на вуліцы сталіцы. Антыкамуністычнае паўстаньне было патопленае ў крыві, нягледзячы на адчайны супраціў вугорцаў.

Адзін з радыёжурналістаў да апошняга вёў рэпартаж аб штурме радыёстанцыі, паралельна страляючы ў акно з аўтамата.

За некалькі тыдняў да гэтага былі жорстка задушаныя рэвалюцыйныя выступы апазыцыі ў Польшчы. А пачатак рэвалюцыйным працэсам ва Ўсходняй Эўропе паклаў даклад "лібэрала" Мікіты Хрушчова на ХХ-м зьезьдзе КПСС.

Тэкст таго дакладу быў апублікаваны ў савецкім друку толькі праз трыццаць гадоў! Аднак зь яго зьместам камуністаў пачалі знаёміць адразу пасьля зьезду на зачыненых партыйных сходах. Інфармацыя не магла доўга заставацца сакрэтнай, і ў чэрвені 1956-га даклад быў апублікаваны на Захадзе, выклікаўшы эфэкт выбуху бомбы - найперш у заходніх, а потым і ў "братніх" кампартыях. Ня толькі маладзёнам, але й людзям старэйшага пакаленьня сёньня цяжка зразумець, у чым рэвалюцыйная сіла дакладу Хрушчова. У падручніках з гісторыі КПСС даклад фігураваў пад невыразнай сухой фармулёўкай "пераадоленьне наступстваў культу асобы". Імя Сталіна пры гэтым, як правіла, не называлася. Альбо называлася неахвотна - як быццам "культ" тае самае асобы ня меў ніякага дачыненьня да геніяльнага генэралісымуса й "арганізатара ўсіх нашых перамог", якім Сталін дагэтуль застаецца для афіцыйнай беларускай прапаганды. Размова вялася пра некаторыя "памылкі" ў будаўніцтве сацыялізму, выкліканыя аб'ектыўнымі абставінамі: цяжкасьцямі росту, варожым атачэньнем, вайной (да разьвязаньня якой камуністы са сваёй тэорыяй сусьветнай рэвалюцыі ня мелі ніякага дачыненьня). Выходзіла, што кампартыя заўсёды паводзіла сябе правільна, толькі на адным этапе правільным было бяссудна расстрэльваць "ворагаў народу", а на іншым - асуджаць асобныя адступленьні ад "сацыялістычнай законнасьці".

Галоўным абвінавачаньнем з боку Хрушчова ў бок Сталіна, як выявілася, былі нават не злачынствы правадыра супраць партыі (партыі, а не народаў!), а тое, што ён, нібыта... ня быў марксістам. Зь іншага боку, большага злачынства на той час цяжка было ўявіць у камуністычнай краіне, дзе афіцыйнай дактрынай паноўнай эліты служыў марксізм-ленінізм. Імя правадыра аддзялялася ад імя Леніна, ідэйную спадчыну якога нібыта аднаасобна прысабечыў і сказіў Сталін. Тым самым ён як бы адлучаўся ад сынкліту "сьвятых" і пераводзіўся ў разрад "нячыстых" рэвізіяністаў - Троцкага, Бухарына ды іншых ворагаў савецкай улады. Сьледзтвам "адлучэньня" стаў вынас цела Сталіна з маўзалею - праўда, гэта адбылося ўжо пасьля ХХІІ зьезду. Унёскам жа Хрушчова ў марксісцка-ленінскую тэорыю было абяцаньне пабудовы камунізму ў бліжэйшай пэрспэктыве. Пры гэтым адной зь неабходных умоваў блізкага шчасьця абвяшчалася зьліцьцё ўсіх моваў у адну - вялікую й магутную...

Дэманстрацыя пустых сталоў

Паколькі разьвянчаньне "культу асобы" пры Хрушчову не прывяло да заўважнага паляпшэньня ўзроўню жыцьця грамадзянаў, грамадзяне вырашылі, што ўлада крытыкуе Сталіна дзеля таго, каб схаваць ад народу праўду: пры Сталіне было лепей, было весялей!

Тым ня менш, рэабілітацыя мільёнаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў (для многіх - пасьмяротная), якая сталася галоўным вынікам ХХ зьезду, мела станоўчы эфэкт. Найперш для тых, хто вярнуўся зь Сібіру дамоў...Учорашнія палітзэкі нярэдка сустракалі ў сябе на радзіме тых, хто некалі пісаў на іх даносы. Так рэпрэсаваныя беларускія літаратары маглі бачыць пасьля свайго вяртаньня ў родную пісьменьніцкую арганізацыю такую асобу, як Айзік Кучар, намаганьнямі якога некалі патрапілі ў лягер. Што датычыць сьледчых, пракурораў і судзьдзяў, якія вызначыліся, у прыватнасьці, на ніве змаганьня з "буржуазным нацыяналізмам", толькі лічаныя асобы зь іх былі асуджаныя ці хоць бы адпраўленыя на пэнсію. Так што большасьці ацалелых у лягерах хапіла розуму й абачлівасьці, каб не крытыкаваць адкрыта савецкую ўладу і не казаць усю праўду аб сталінскім ГУЛАГу - прынамсі, да лепшых часоў.

Трэба зазначыць, што калі "лепшы час", недзе пры канцы 1980-х, прыйшоў, высьветлілася, што ў беларускіх пісьменьнікаў амаль нічога няма ў сталох такога, што можна было б паказаць сьвету ў апраўданьне сябе й свайго часу. "Пісаньне ў стол" ва ўмовах БССР выявілася такім самым мітам, як і наіўная вера ў тое, што сапраўдная літаратура пры таталітарызьме можа выжыць дзякуючы "эзопавай мове". Таталітарнае грамадзтва вымушае літаратуру й мастацтва жыць альбо выжываць пад велізарным, бязьмежным ціскам, які непазьбежна скажае саму прыроду мастацтва, робіць яго сэрвільным.

Калі вяртацца да тэмы ХХ зьезду, дык ён меў і непрадбачаныя вынікі. Нават пры захаваньні "вядучай і накіроўваючай ролі партыі" ў адсутнасьці свабоды слова на старонках некаторых літаратурных выданьняў - у першую чаргу трэба згадаць часопіс "Новый мир" пад рэдакцыяй Аляксандра Твардоўскага - пачалася дыскусія. Праўда, гэта было крыху пазьней, у 1960-я гады. Дыскусія мела, на наш сёньняшні погляд, вельмі абмежаваны характар. Размова вялася пра тое, каб "ачысьціць" сапраўдны сацыялізм ад позьніх "наслаеньняў", вярнуцца да "ленінскіх вытокаў", да правільнага сацыялізму (тагачаснае захапленьне "ленініянай" не абмінула й Беларусь). А для гэтага, на думку некаторых літаратараў-франтавікоў, была патрэбная ўсяго толькі адна простая ўмова: пісаць праўду. Сярод тых пісьменьнікаў, што спавядалі гэты прынцып, былі Алесь Адамовіч і Васіль Быкаў. Тагачасная цэнзура адразу адчула ў так званай "акопнай праўдзе" падкоп пад падмурак савецкага ладу, а літаратурныя вартаўнікі пачалі цкаваць пісьменьнікаў і публіцыстаў, якія паверылі ў "вецер пераменаў".

Іх называлі "дзецьмі ХХ зьезду", "шасьцідзясятнікамі", і яны гэтым ганарыліся. Многія зь іх засталіся верныя прынцыпам, сфармаваным у 1960-я , да распаду СССР. Самы першы і самы яскравы прыклад - Міхаіл Гарбачоў, які ўсур'ёз зьбіраўся рэфармаваць сацыялізм.

Лінія Сталіна

Многія "шасьцідзясятнікі" адчулі сябе запатрабаванымі ды кінуліся "плыць у рэвалюцыю далей". Але ілюзіі наконт "сацыялізму з чалавечым тварам" хутка адышлі ў нябыт. Адразу пасьля руйнаваньня камунізму пачалася зусім іншая эпоха - эпоха постмадэрнізму, вызначальнымі рысамі якога можна назваць, бадай, скепсіс і цынізм. Прадстаўнікі новых пакаленьняў, якія прыйшлі на зьмену "шасьцідзясятнікам", самі сябе зьедліва колісь называлі "васьмідзерастамі" й "дзевяностасосамі".

І вось, на пачатку ІІІ тысячагодзьдзя стала зразумела, што ў адной "асобна ўзятай краіне" ўсё вярнулася на кругі свае. Пісьменьнікі-шасьцідзясятнікі, якім дарогу ў літаратуру адкрыў ХХ зьезд, зноў апынуліся ў дысыдэнтах. Што там асобныя літаратары - цэлая пісьменьніцкая арганізацыя перайшла ў разрад апазыцыйных. Раман састарэлага патрыярха расейскай літаратуры Салжаніцына "Ў крузе першым" у яго на радзіме лічыцца ўсяго толькі клясыкай. Экранізацыя раману, дзеяньне якога адбываецца ў сталінскай "шарашцы", на расейскім тэлебачаньні ня сталася значнай грамадзкай падзеяй, хоць і выклікала цікавасьць гледачоў. У Беларусі ж, як гэта ні парадаксальна, раман эпохі ГУЛАГу застаецца актуальным! Прынамсі, актуальным яго робіць адмова ўладаў ад паказу тэлесэрыялу паводле салжаніцынскага твору. Апраўданьні кіраўніцтва тэлеканалу СТВ наконт недахопу грошай ад рэклямы нікога ня могуць увесьці ў зман, бо прыватных каналаў у Беларусі няма, а грошы на тэлепрапагандзе дзяржава ніколі не эканоміла. Дарэчы, зусім ня даўна гледачам дэманстраваўся іншы фільм - "Генэралісымус", паводле сталінісцкага раману Карпава. Гэты паказ цалкам натуральна ўпісваецца, так бы мовіць, у "лінію Сталіна", якая летась афіцыйна ўвайшла ў сьпіс галоўных турыстычных аб'ектаў Беларусі. Акрамя таго, прадусэр яшчэ аднаго дзяржаўнага каналу - АНТ - Хрусталёў даў зразумець у інтэрвію "КП в Беларуси", што глядацкую аўдыторыю каналу хутка чакае чарговы грандыёзны праект, прысьвечаны гісторыі сучаснасьці ды галоўнаму герою нашага часу.

Новае пакаленьне не цікавяць урокі мінулага. Не цікавяць ХХ зьезд, Хрушчоў, Салжаніцын, Быкаў. Абтрасаючы пыл са сваіх ног, яно бярэ ў новую эпоху толькі Сталіна - дый тое ў выглядзе карыкатурнага "генэралісымуса", найлепшага сябра дзяцей і фізкультурнікаў. Што ж, які час - такія й куміры. Ёсьць у новага часу й свае дысыдэнты - не такія, як паўстагодзьдзя таму. У чымсьці яны пераўзыходзяць сваіх папярэднікаў. У іх больш ведаў, менш ілюзіяў. Але ж у "шасьцідзясятнікаў" быў надзейны імунітэт. Яны на дух не выносілі маны й крывадушнасьці. На жаль, маральныя якасьці не перадаюцца ў спадчыну. Вось толькі памяць - упартая рэч. Калі на непрыемныя эпізоды мінулага ўдаецца забыцца, яны вяртаюцца ў выглядзе начных кашмараў.

Менск, плошча Перамогі. 9 траўня 2005.</p>
<p>

Менск, плошча Перамогі. 9 траўня 2005.


Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0