Гісторыя пачалася з таго, што сяброў ФПБ прымусілі набыць білеты лятарэі "Дажынкі". Не адкруціўся і Андрэй Кастра, які вёў на БТ шоў "Чэснае лято".

Білет выйграў. Кіпяцільнік фірмы "Экран". Кіпяцільнік Кастра падараваў суседу-алькашу Францавічу з умовай, што той будзе выносіць ягонае сьмецьце.

Прайшоў месяц, і пабачыўшы старшыню прафкаму, Кастра, прыгадаўшы пацешны выпадак, сам папрасіў дзьве лятарэі. Зноў фарт! Кожны білет прынёс па кіпяцільніку. Андрэй набыў яшчэ тры. Аднак цяпер ніводзін ня выйграў. Фіяска супала зь нейкімі праблемамі, і артыст заключыў, што шчасьце яго пакінула. Каб праверыць вэрсію, набыў жменю білетаў - зноў невязуха. Увесь на нэрвах кінуўся набываць усё болей: 14, 34, 78, 134… Францавіч ўжо не пасьпяваў выносіць макулятуру.

Раптам Кастра прыгадаў, што калі выйграў упершыню, едучы на працу, спрытна падрэзаў нейкі мэрс. Парушэньне правілаў ДТР стала для яго чымсьці кшталту рытуалу. Гэтым разам скончылася ўсё амаль трагічна: Андрэй падрэзаў картэж бацькі… Ледзь абышлося.

Ад гэтага часу герой закінуў лятарэі. Спачатку думаў стаць кліентам букмэйкераў, аднак яго "кінулі". "Шукаеш вярняк? - спытаў нейкі тып. - заўтра "Менская лыжня". Там бяжыць міністар культуры. Я бачыў яго алюр! Стопудовы шанец. У чорным таталізатары на яго прымаюць 1 супраць 34". Ашалелы Кастра заклаў кватэру, але прайграў. Самі ж ведаеце, хто перамагае на той лыжні.

Тут Кастра вырашыў падмануць Фартуну: адфільтраваўшы асыстэнтку па перадачы, якая выцягвае зь меху бочачкі лято, наехаў, каб тая выцягнула спэцыяльную камбінацыю.

Пачаўся розыгрыш тыражу. Адпаведна з дамовай з Кастра дзяўчынка выцягвала бочачкі з патрэбнымі нумарамі, а той голасна ў стылі шоўмэна іх абвяшчаў: "11" - барабанныя палкі", "8 - воўк і сямёра казьлят" і нарэшце апошняя бочачка… (Кастра ўжо бачыў тыя мільярды). "Тры" - "трэці нелегітымны тэрмін"… Адразу ж тэлекарцінка прапала. Вынікі розыгрышу абвесьцілі несапраўднымі.

Пасьля гэтага доўга пра Кастра не было чутно. Пакуль не знайшлі труп Францавіча. Суседзі прыгадалі, што чулі зь яго пакою енкі: "Аддай шчасьлівы кіпяцільнік!" "Я яго прапіў". - "Брэшаш, вось табе, вось…"

Сёньня Кастра ў пошуку. Апошні раз яго бачылі на Кульмана, дзе, набыўшы школьны праязны, паабяцаў кіяскёрцы, што вернецца за сваім прызам. Як вядома, усе уладальнікі абанэмэнтаў аўтаматычна становяцца ўдзельнікамі лятарэі Менскгартрансу. МУС ужо арганізаваў у тым кіёску засаду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0