31 сакавіка у «Партыі БНФ» завяршаецца тэрмін арэнды офіса, які размяшчаецца па добра ўсім вядомым адрасе, праспект Машэрава, 8 (Варвашэні, 8).
Паводле рашэння Мінгарвыканкама, арэнда працягнутая не будзе і ўжо 1 красавіка партыя Аляксея Янукевіча павінна вызваліць памяшканне. 17 сакавіка, пасля некалькіх спробаў вырашыць праблему непасрэдна ў ЖРЭА, якое распараджаецца памяшканнем, лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч выступіў з заявай, у якой заявіў наступнае: «Мы рыхтуем абарону. Гэта будзе негвалтоўны, але супраціў. Мы арганізуем дружыну, якая будзе кругласуткава дзяжурыць у будынку».

Аднак вечарам 29 сакавіка на Управе ўсё ж пачалі пакаваць рэчы, а раніцай наступнага дня іх вывезлі вялікім фургонам у «надзейнае месца».

«Вывозіліся архіўныя рэчы, — тлумачыць Аляксей Янукевіч. — Гэта была такая веснавая прыборка офісу,
— жартуе ён. Мы не вывозілі рэчаў, неабходных для працы. Офіс застаецца працоўным. Тут будзе працаваць наша сталая прэс-служба, дзяжурствы… Тут засталося самае неабходнае — аргтэхніка, мэбля», — заявіў лідар партыі.

У далейшай размове Аляксей Янукевіч таксама пацвердзіў рашэнне адстойваць офіс любымі законнымі спосабамі. Палітык лічыць, што галоўны з іх — інфармацыйная хваля і салідарнасць: «Мы адсюль самі не выйдзем ні ў якім выпадку.

«Мы не плануем гвалтоўнага супраціву. Будзе інфармацыйная хваля, хваля салідарнасці, якая павінна гэтую інфармацыйную хвалю павялічваць.
Мы хочам, каб тут кожны дзень адбываліся імпрэзы, культурніцкія сустрэчы з цікавымі асобамі. Будзем падпісваць звароты».

Акрамя гэтага, сябры ПБНФ збіраюцца ладзіць у офісе кругласуткавыя дзяжурствы. Плануецца, што яны будуць адбывацца па вызначаным на некалькі тыдняў наперад плане, а іх галоўнай мэтай з’яўляецца не даць супрацоўнікам ЖРЭА навесіць на офіс ПБНФ замок. «Мы зробім тут кругласуткавыя дзяжурствы, каб у нашу адсутнасць сюды не прыйшлі дзьве цётачкі з ЖЭСу, не апламбавалі памяшкання і не навесілі новага замка. Калі ўлады хочуць незаконна адабраць у нас гэтае памяшканне, то ім давядзецца гвалтоўна адсюль людзей выносіць», — кажа Аляксей Янукевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?