Супрацоўнікамі Партызанскага РУУС за тыдзень раскрытыя тры злачынствы па падробцы дакументаў для бясплатнага праезду.

Першым на размову да праваахоўнікаў трапіў 19-гадовы навучэнец сталічнага каледжа. Малады чалавек некалі быў выхаванцам дома-інтэрната і меў адзіны білет, які дае магчымасць бясплатнага праезду на ўсіх відах транспарту. Але як толькі хлопцу споўнілася 18 гадоў, праязны стаў несапраўдным. Нядоўга думаючы, малады чалавек акуратна выправіў дату свайго нараджэння і, стаўшы на год маладзейшым, «падоўжыў» тэрмін дзеяння білета.

Другім затрыманым аказаўся 25-гадовы кіроўца аднаго з мінскіх прадпрыемстваў. Па дарозе дахаты ён знайшоў на зямлі пасведчанне інваліда, якое дае права бясплатнага праезду на грамадскім транспарце. Малады чалавек адарваў фатаграфію і ўляпіў туды сваю.

Апошняй у спіс білетных махінатараў трапіла 45-гадовая пенсіянерка, што каталася па горадзе з пасведчаннем інваліда, якое належала яе памерлай маці. Спусціўшыся ў метро, жанчына ўбачыла велізарную чаргу ў касы і вырашыла зэканоміць грошы і час, але замест шчаслівага праходу праз турнікет скончыла паездку ў раённым УУС.

На дадзены момант у дачыненні да ўсіх «зайцоў» распачатыя крымінальныя справы, вынікам якіх для кожнага з іх можа стаць да двух гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?