Калі мы кажам аб неабходнасьці дзяржаўных структураў адпавядаць крытэрыям магічнай формулы «Дзяржава для народу», трэба, каб яны былі кампэтэнтнымі. Што значыць быць кампэтэнтным? Гэта значыць адэкватна рэагаваць на зьнешнія выклікі, апэратыўна ствараць у нетрах вэртыкалі аддзелы, камітэты, групы з экспэртаў у сваёй галіне, якія маглі б шукаць эфэктыўны адказ на згаданы выклік.

Мяркую, што ў кантэксьце апошніх падзеяў наступныя органы павінны стварыць наступныя ўнутраведамственныя структуры.

1. Адміністрацыя прэзыдэнта

Экспэртна-рэдакцыйны аддзел, які вызначае ці не адыходзіць той ці іншы фотамалюнак у прэсе, ад кананічнага вобразу презыдэнта, і стварае адпаведны індэкс журналістаў, якім забаронены доступ на мерапрыемствы зь яго ўдзелам.

Кіналягічную службу, байцы-жывёлы якой змагаюцца з спробамі забароненых журналістаў патрапіць на мерапрыемствы з удзелам найвышэйшай службовай асобы.

2. МУС

Спэцыяльную мэдычную кансультацыю па праверцы супрацоўнікаў на дальтанізм. Ствараецца ў мэтах падвышэньня эфэктыўнасьці выкрыцьця грамадзянаў, якія маюць на адзеньні антыдзяржаўную сымболіку ў выглядзе камбінацыі белага чырвонага і белага колераў.

Каманду сьведкаў якая б магла апэратыўна выяжджаць па выкліку на месца затрыманьня і кампэтэнтна пераконваць суд у наяўнасьці ў дзеяньнях апазыцыянэраў элемэнтаў дробнага хуліганства і нецензурнай лаянкі.

Дарожную службу аўтаінспэктараў, якая б сачыла за маршрутам руху машыны Мілінкевіча і рэгулярна яго штрафавала за няправільную працу шклоачышчальнікаў і несанкцыянаваную перафарбоўку.

3. КДК

Піяр-аддзел, адказны за падтрыманьне ў грамадзтве іміджу Зянона Ломаця як бязьлітаснага барацьбіта з карупцыяй.

4. Камітэт па падатках і зборах

Падкамітэт барацьбы з кантрафактнай распушчальнай кавай.

5. БРСМ

Дэпартамэнт па прапагандзе сярод актывістаў БРСМ моды на нашэньне сандалетаў і ботаў айчыннай вытворчасьці.

6. БТ

Трупу артыстаў, якія могуць згуляць прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў падчас рэпартажу з наступнага кангрэсу дэмакратычных сілаў.

7. Міністэрству прамысловасьці

Канструктарскае бюро па распрацоўцы новага тыпу паперы, зь якой можна было б незаўважна сьціраць напісаную раней інфармацыю. Пазьней Цэнтравыбаркам зможа лёгка выправіць занадта вялікі працэнт падтрымкі дзейнай улады, атрыманы на выбарах, на крыху меншы.

Нарэшце ўсім міністэрствам і ведамствам – лятучыя групы прапагандыстаў для чытаньня перад працоўнымі калектывамі лекцыяў аб сутнасьці Грыгарыянскай рэформы календара. Каб зранку 14 студзеня беларускі народ не «адыходзіў» з галаўным болем ад святкаваньня старога новага году, а быў гатовыя выканаць грамадзянскі абавязак на выбарах у мясцовыя саветы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?