Увогуле наша начальства мае рацыю, калі нагадвае, што і беларусы ў Сыбір багата працы ўклалі.

Калі б гісторыю краіны кіроўныя вярхі адлічвалі не ад 1 студзеня 1919 году, то маглі б згадаць яшчэ і пра нашых панцырных баяраў, што абжывалі некалі таежныя абсягі. Увогуле ж "літоўскія" слабоды вядомыя ў сыбірскіх краёх з 16-га стагодзьдя.

А ўжо за Саветамі нашу танную і збольшага якасную працоўную сілу выпампоўвалі туды рэгулярна. У тым ліку — з камсамольскімі песьнямі.

Аднойчы "загрымеў у Сыбір" і аўтар гэтых радкоў.

Прыканцы 1980 году мне, тады адмысловаму карэспандэнту "Знамени юности", давялося суправаджаць у Кемераўскую вобласьць байцоў ударнага камсамольскага атраду імя Кашавога. Яны мусілі папоўніць калектыў будаўніча-мантажнага цягніка. Прасьцей кажучы, пракладаць ў тайзе рэйкі.

У кампаніі сабралася нямала добрых хлопцаў і дзяўчат. За дарогу мы някепска пазнаёміліся.

Былі прагматыкі, якія хацелі зарабіць на легкавік ці каапэратыўную кватэру. Былі наіўныя рамантыкі.

Былі, праўду кажучы, і суб'екты валацужнага тыпу. Рэч у тым, што камсамольскія функцыянэры, адказныя за камплектацыю такіх атрадаў, іншым разам грэблі ўсіх, хто трапіць пад руку (за што атрымалі зьедлівую мянушку "санітараў рэспублікі").

Карацей, пакуль мы некалькі гадзінаў пілавалі на "Ту-134" ва ўсходнім кірунку, хто-ніхто добра насмактаўся. Па салёне качаліся, як кеглі, пустыя пляшкі.

Адзін з начальнікаў будаўніча-мантажнага цягніка, мажны дзядзька з ордэнам на пінжаку, сустрэў нас, "групу суправаджэньня", зь непрыхаванай радасьцю. Праца ў ягоным калектыве была цяжкая, і народ, як мы зразумелі, пакрысе разьбягаўся. Эўфэмістычна гэта называлася "цякучкай кадраў".

Карацей, пэрыядычна патрабаваліся кадравыя ін'екцыі. Працавітых, дысцыплінаваных беларусаў тут цанілі.

У кабінэце адразу накрылі стол. Усім налілі па вялікай — "малянкоўскай" — шклянцы гарэлкі.

Мы з калегам адужалі за раз толькі палову.

— Непітушчыя! — грэбліва вынес свой вырак начальнік-ардэнаносец.

Але наўзаўтра мы не пашкадавалі, што ўстрымаліся ад сыбірскіх дозаў.

Бо нагрузачка была прыстойная. Палезьлі ў шахту (завітаць у Кузбас — і не паглядзець, як там "даюць краіне вугалю"?).

Хоць і ня панцырныя баяры, а давялося апранаць дасьпехі. Бліскучая цацка ў мяне на каленях — гэта не кацялок:), а самаратавальнік.

Потым з радыёжурналістам Міколам Кузьняцовым (ён на здымку пасярэдзіне) тыдзень адмываліся. Вугальны пыл ўядаецца ва ўсе поры.

А калі ў забоі працуе камбайн — гэта сапраўднае пекла. І чорныя шахтары без аніякіх мэтафараў выглядаюць на чарцей.

Мяркую, што і пракладаць рэйкі праз марозную тайгу не саладзей.

Так што сапраўды — Сібір, адкуль Расея сіляе сёньня вялікай лыжкаю прыродныя багацьці, шчодра палітая і потам нашых землякоў.

Між іншым, беларуская дыяспара ў Кемераўскай вобласьці налічвае каля 30 тысячаў.

Увогуле ж сьцьвярджаюць, што кожны дзясяты сыбірак мае тутэйшыя карані.

Мо' і болей, бо асыміляцыя надта сьцірае сьляды.

Але што да прэтэнзіяў на расейскія нетры...

Па-першае, усё адно ня выгарыць нумар.

А па-другое, ды бог зь імі! Пражывем.

Хай бы толькі Масква ў наш гарод ня лезла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?