У сталічным мікрараёне Сухарава створаны бацькоўскі камітэт грамадзян, якія хочуць, каб іх дзеці выхоўваліся ў беларускамоўных садках.
Пра гэта паведаміла старшыня Мінскай гарадской арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алена Анісім.

Камітэт створаны для таго, каб знайсці і з’яднаць неарганізаваных грамадзян, якія жывуць у Сухараве і хочуць даць сваім дзецям беларускамоўнае выхаванне. «Бацькоўскі камітэт будзе рабіць усё неабходнае для адкрыцця новых беларускамоўных групаў у садках мікрараёна», — сказала Анісім.

Бацькоўскі камітэт, адзначыла яна, не павінен дапусціць пераводу дзяцей з беларускамоўных груп у рускамоўныя, а таксама дамагацца таго, каб прафесійны ўзровень выхавальнікаў беларускамоўных групаў адпавядаў іх задачам.
«Пры гэтым трэба ўлічваць, што па гэтых кірунках разам з бацькамі павінныя працаваць і чыноўнікі згодна з праграмай Міністэрства адукацыі, якая дзейнічае ўжо некалькі гадоў, і пастановай Савета Міністраў ад 27 студзеня 2010 аб пашырэнні беларускамоўнага навучання і выхавання», — адзначыла прадстаўніца ТБМ.

Паводле яе словаў, сітуацыя, якая склалася ў Сухараве з беларускамоўнымі садкамі, патрабуе падтрымкі грамадскасці. У садку № 570 узбуйнілі беларускамоўную групу і дабралі ў яе дзяцей пяці-шасці гадоў, а на базе садка № 561 адкрылася беларускамоўная група. «Аснову гэтай групы склалі 12 дзяцей, бацькі якіх напісалі заявы, каб іх дочкі і сыны выхоўваліся па-беларуску. Пазней да гэтай групы далучылі яшчэ дзевяць чалавек, якіх дабіралі загадчыца дашкольнай установы і яе выхавальнікі, угаворваючы бацькоў», — сказала старшыня арганізацыі.

Такім чынам, адзначыла Анісім, небяспека ў тым, каб пазней гэтыя дзевяць дзяцей не сталі нейкім чынам перашкодай на шляху атрымання беларускамоўнага выхавання ў садку № 561.
«Бацькоўскі камітэт павінен будзе добра папрацаваць з бацькамі гэтых дзевяці дзяцей», — падкрэсліла Анісім.

У інтэрв’ю БелаПАН старшыня ТБМ Алег Трусаў выказаўся за стварэнне такіх бацькоўскіх камітэтаў пры ўсіх рэгіянальных структурах рэспубліканскага грамадскага аб’яднання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?