Кіраўнік прэс-службы Нацбанка Беларусі Анатоль Драздоў заявіў, што яны «будуць думаць, як пракаментаваць» заяву віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса.

15 сакавіка Нацбанк апублікаваў на сваім сайце заяву, у якой па сутнасці абвінаваціў «асобныя сродкі масавай інфармацыі і сетку Інтэрнэт» у распаўсюдзе «правакацыйных чутак» з нагоды магчымай дэвальвацыі.

— У сувязі са з’яўленнем апошнім часам правакацыйных чутак аб магчымай рэзкай дэвальвацыі нацыянальнай валюты, якія атрымалі шырокае распаўсюджанне дзякуючы асобным сродкам масавай інфармацыі і сетцы Інтэрнэт, Нацыянальны банк паведамляе, што дадзеныя чуткі ніякім чынам не адпавядаюць рэчаіснасці,

 — гаварылася ў заяве. — Акрамя таго, змены абменнага курсу беларускага рубля, якія выходзяць за рамкі параметраў, усталяваных асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь на 2011 год, не плануюцца і праводзіцца не будуць. Нацыянальны банк будзе ажыццяўляць палітыку курсаўтварэння строга ў межах калідора дапушчальных змяненняў курсу беларускага рубля да кошыка замежных валют — плюс-мінус 8 працэнтаў у дачыненні да значэння курсу, які склаўся на пачатак 2011 года (1057,04 рубля), забяспечваючы пры гэтым плаўнасць і прадказальнасць дынамікі курсу.

А днямі віцэ-прэм’ер Сяргей Румас паведаміў журналістам, што ўрад Беларусі чакае ад Нацбанка крокаў па ажыўленні рынку наяўнай валюты. І, каментуючы прынятае Нацбанкам рашэнне па пашырэнні адхіленняў курсу беларускага рубля пры ажыццяўленні ўгодаў куплі-продажу замежнай валюты на пазабіржавым валютным рынку да 10% ад афіцыйнага курсу, Сяргей Румас адзначыў: «Вядома, адхіленне ў 10% можна ацэньваць і называць па-рознаму, але па сутнасці мы вяртаемся да множнасці валютных курсаў. І было б добра, калі б гэта 10-працэнтнае адхіленне афіцыйнага курсу вырашыла праблему, але тыя сігналы, якія пасылае рынак, гавораць аб тым, што гэтага 10-працэнтнага адхілення відавочна недастаткова. Як паказалі вынікі таргоў на міжбанкаўскім рынку, за гэтыя дні міжбанкавы рынак не ажыў, і шэраг аўтарытэтных экспертаў выказваюць меркаванне, што гэта паўмера і Нацбанку неабходна ажыццяўляць далейшыя крокі ў гэтым кірунку».

Адным словам, Нацбанк цяпер апынуўся, як кажуць, паміж молатам і кавадлам, а таму цалкам лагічна, што 1 красавіка ахвярай першакрасавіцкага жарты стаў менавіта старшыня Нацбанка Пётр Пракаповіч. Менавіта яго асобныя СМІ адправілі ў адстаўку па ўласным жаданні.

— Безумоўна, гэта першакрасавіцкі жарт,
— сказаў Анатоль Драздоў.

— Вы можаце пракаментаваць заяву віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса?

— Мы падумаем, як пракаментаваць.

— Чуткі пра магчымую дэвальвацыю працягваюцца…

— Усё, што можна было сказаць пра дэвальвацыю, ужо было сказана ў нашых прэс-рэлізах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?