Палітычны зняволены Аляксандр Фядута, які ўтрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ, пачаў знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. 1 красавіка вядомага палітолага і літаратуразнаўцу, які падчас прэзідэнцкіх выбараў быў у камандзе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, наведала адвакат.

Па словах жонкі Фядуты, Марыны, у змяненні меры стрымання на падпіску аб нявыездзе яе мужу адмоўлена:

— З крымінальнай справай ён знаёміцца з сённяшняга дня. У матэрыялах справы 25 тамоў і там шмат чаго напісана. Не ведаю я, ці прызнаваў ён сябе вінаватым ці не. Хадайніцтвы па змякчэнні меры стрымання не былі задаволеныя. Ён трымаецца, але што тут казаць — сітуацыя невясёлая, на добрае ён не спадзяецца.

Спачатку Аляксандр Фядута абвінавачваўся ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года ў Мінску. Але 30 сакавіка яму і яшчэ пяці фігурантам справы следствам было прад’яўлена новае абвінавачванне — у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак. Санкцыі па гэтым артыкуле Крымінальнага кодэкса носяць менш жорсткі характар, чым па артыкуле аб масавых беспарадках.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?