Наталля Радзіна, якая некалькі дзён таму знікла па дарозе на допыт у КДБ, выйшла на сувязь з рэдакцыяй сайта charter97.org па тэлефоне.

— Наташа, як табе ўдалося выйсці з-пад «апекі» КДБ і выехаць з Беларусі?

— Я б не хацела раскрываць падрабязнасці, гэта можа нашкодзіць тым людзям, якія мне дапамаглі. Магу сказаць, што гэта было не спантаннае рашэнне, падставай стаў выклік на допыт у КДБ, адкуль я магла дадому ўжо не вярнуцца. Я ўдзячная ўсім, хто дапамог мне выехаць, з іх боку гэта быў сапраўдны подзвіг.

— Дзе ты цяпер, і калі будзеш гатовая пагаварыць з прэсай?

— Пакуль усё няпроста, але галоўнае, я больш магу не думаць пра праслухоўку, ціхароў і допыты. Гэта былі не самыя простыя дні у жыцці. Пасля таго, як усё скончылася, я суткі спала, толькі сёння пачынаю прыходзіць у сябе. Цяпер мне трэба прайсці ўсе фармальнасці і атрымаць дакументы. Спадзяюся, усе гэтыя працэдуры скончацца хутка, і я змагу зноў працаваць, сустрэцца з сябрамі. Не буду пакуль называць краіну, скажу толькі, што гэта лагер уцекачоў.

— Ці патрэбна табе нейкая дапамога?

— Дзякуй усім, хто перажываў, хваляваўся за мяне. Перш за ўсё я зайшла на сайт і прачытала каментары. Гэта неверагодная падтрымка! Я хачу хутчэй скончыць з усімі неабходнымі працэдурамі і зноў займацца сваёй працай. Я перакананая — разам мы пераможам!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?