За перыяд 1999 — 2009 гг. колькасць расійцаў у Беларусі зменшылася на 356,6 тысячы чалавек (на 31%), іх доля ў агульнай колькасці насельніцтва рэспублікі скарацілася з 11,4% у 1999 г. да 8,3% у 2009 г.
Пра гэта 31 сакавіка паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі (Белстат).

Паводле дадзеных перапісу насельніцтва Беларусі 2009 год, да расійцаў аднеслі сябе 785 тыс. чалавек (каля 8% насельніцтва). «Па абласцях рэспублікі доля расійцаў вагаецца ад 6,4% у Брэсцкай вобласці да 10,2% у Віцебскай. Амаль 85% расійцаў пражывала ў гарадскіх паселішчах. Найбольш высокая доля расійцаў адзначаная ў агульнай колькасці насельніцтва такіх адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, як Брэст (10,7%), Наваполацк і Полацк (адпаведна 15,5% і 14,8%), Гродна (12,2%), Мінск (10%), Бабруйск і Бабруйскі раён (адпаведна 13,2% і 11,9%)», гаворыцца ў паведамленні.

Белстат звязвае скарачэнне колькасці расійцаў у Беларусі «перш за ўсё са старэннем».
Адзначаецца, што за 10 гадоў доля асобаў, старэйшых за працаздольны ўзрост, у агульнай колькасці расійцаў павялічылася на 11,4% і наблізілася да 33%.

«Разам з тым, доля дзяцей і падлеткаў ва ўзросце да 16 гадоў сярод рэспандэнтаў, якія падчас перапісу аднеслі сябе да расійцаў, істотна знізілася: з 15,2% да 7,4%, — адзначаюць складальнікі справаздачы. — Улічваючы высокую ўдзельную вагу старэйшых узроставых груп у агульнай колькасці расійцаў, можна выказаць здагадку, што мелі месца таксама працэсы іх асіміляцыі, то бок нашчадкі імігрантаў, народжаныя ў Беларусі, падчас апошняга перапісу насельніцтва адносілі сябе да беларусаў, што стала адной з прычын росту іх долі ў агульнай колькасці насельніцтва краіны».

«Звяртае на сябе ўвагу больш высокі ўзровень адукацыі расійцаў. Доля асобаў з больш высокай ступенню адукацыі сярод расійцаў вышэйшая, чым сярод беларусаў.
Так, на 1000 чалавек адпаведнай нацыянальнасці вышэйшую адукацыю на момант перапісу насельніцтва 2009 года мелі 312 рускіх супраць 168 беларусаў. Разам з тым, пачатковую адукацыю мелі на 1000 чалавек 119 беларусаў і толькі 53 расійцы», — адзначаюць аўтары справаздачы. На іх думку, прычыны такой сітуацыі — «іміграцыя ў рэспубліку спецыялістаў у пасляваенны перыяд», а таксама высокі адсотак беларусаў, якія з прычыны ўзросту не дасягнулі больш высокага ўзроўню адукацыі.

«Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2009 года ў Рэспубліцы Беларусь пастаянна пражывае 83,6 тыс. грамадзян Расійскай Федэрацыі, што складае 2/3 агульнай колькасці замежных грамадзян, якія пастаянна пражываюць у рэспубліцы. Больш за 90% расійскіх грамадзян прыбылі ў нашу краіну ў перыяд да 2005 года. Амаль 40% з іх на момант перапісу былі ва ўзросце 50 гадоў і старэйшыя, — адзначаюць спецыялісты Белстата. — Расійская мова з’яўляецца асноўнай мовай насельніцтва Рэспублікі Беларусь. На ёй звычайна размаўляе дома 6 млн 673 тысячы чалавек, або 70% насельніцтва краіны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?