Бліжэй да канца красавіка тэмпература паветра днём у Беларусі можа дасягаць 22 градусаў цяпла, па поўдні — 25. Пра гэта паведаміла 4 красавіка на відэабрыфінгу ў Мінску галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэаралагічнага цэнтра Вольга Фядотава.

Паводле яе слоў, у цэлым месяц прадбачыцца на градус цяплейшы за кліматычную норму, якая ў Беларусі складае ад 4 градусаў па паўночным усходзе да 7 — па паўднёвым захадзе краіны.

Як паведаміла сіноптык, пераважная тэмпература паветра ноччу будзе слабастаноўчай: 0 — плюс 5, часам крыху вышэйшая. У ясныя ціхія ночы паветра можа астуджвацца да 2–3 градусаў. Днём тэмпературны фон прагназуецца ад 8 да 15 градусаў цяпла, у перыяд пахаладання (а такі перыяд яшчэ магчымы ў другой дэкадзе месяца) тэмпература паветра можа знаходзіцца ў межах 5–8 градусаў, не вышэй. Паводле слоў Фядотавай, бліжэй да канца месяца дзённая тэмпература можа дасягаць 17–22 градусаў цяпла, у Брэсцкай і Гомельскай абласцях — нават 23–25.

Сіноптык паведаміла, што ў цэлым на працягу месяца асобныя пагодлівыя красавіцкія дні будуць змяняцца пахмурнымі, больш халоднымі; вобласць паніжанага атмасфернага ціску будзе чаргавацца з вобласцю павышанага ціску.

Фядотава таксама адзначыла, што ў красавіку чакаецца 75–80% месячнай нормы ападкаў. Кліматычная норма ападкаў для красавіка ў Беларусі складае 40–51 мм.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?