Віцебскі актывіст КХП БНФ, які галадуе на знак пратэсту супраць несправядлівых, на ягоную думку, арыштаў, трапіў у кардыялягічнае аддзяленьне гарадзкога клінічнага шпіталю. Ён абвясьціў галадоўку 25 сакавіка, а 5 красавіка прыпыніў яе — на той час, пакуль будзе праходзіць лекаваньне.

Сяргей Каваленка скардзіцца на праблемы зь ціскам. Дактары пакуль ня кажуць, колькі ён прабудзе пад іхным наглядам. Аднак пасьля актывіст мусіць вярнуцца ў ізалятар часовага ўтрыманьня і адбыць астатнія 10 сутак арышту.

Цяпер ён адбывае другі арышт запар і праводзіў другую запар галадоўку пратэсту, бо лічыць, што яго затрымліваюць, судзяць і караюць несправядліва.

24 сакавіка сябра КХП БНФ затрымалі за тое, што ён выйшаў у цэнтар Віцебску з трыма бел-чырвона-белымі сьцягамі і скандаваў лёзунгі. У Чыгуначным райсудзе сьведкі-міліцыянты паказалі, што ён нецэнзурна лаяўся падчас затрыманьня. 25 сакавіка Сяргей Каваленка быў асуджаны на 7 сутак арышту і адразу абвясьціў, што пачынае галадоўку пратэсту.

1 красавіка актывіст выйшаў з ізалятара часовага ўтрыманьня, але тут жа быў затрыманы зноў. Крымінальна-выканаўчая інспэкцыя скіравала Сяргея Каваленку яшчэ на 15 сутак арышту: яго абвінавацілі ў парушэньні рэжыму адбываньня прысуджанага летась пакараньня. Актывіст адбывае так званую «хатнюю хімію» — тры гады абмежаваньня волі ўмоўна пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы 7 студзеня мінулага году. Тады суд абвінаваціў яго ў супраціве міліцыянтам, якія яго затрымлівалі, і нанясеньні шкоды дзяржаўнай маёмасьці.

Парушэньнем рэжыму было прызнана акцыя 24 сакавіка. Але Сяргея Каваленку дагэтуль не азнаёмілі з пастановай, паводле якой ён адбывае апошні арышт. З гэтае нагоды ён падаў скаргу ў гарадзкую пракуратуру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?