Прэзідэнт Кот-д’Івуара Лоран Гбагбо, ад якога міжнародная супольнасць патрабавала сысці ў адстаўку, прызнаючы перамогу іншага ўдзельніка прэзідэнцкіх выбараў Алассана Уатара, просіць абароны ў ААН, паведамляе Reuters. Гбагбо адмаўляўся прызнаць праўдзівыя вынікі выбараў і абвясціў публічна свой вынік, сфальшаваны.

З ім спрабавалі весці дыялог некалькі месяцаў. Урэшце Уатара перацягнуў на свой бок большую частку армію і ўзяў пад кантроль гарады, на якія абапіраўся Гбагбо. Гбагбо спрабаваў супраціўляцца, але хапіла некалькіх ракетных удараў з украінскіх верталётаў, каб ён склаў зброю.

«Прэзідэнт Гбагбо ўжо здаўся і просіць абароны міратворчай місіі ААН у Кот-д’Івуара», — гаворыцца ў дакуменце на бланку міратворчага кантынгенту ААН, які бачыў карэспандэнт Reuters.

Некалькі гадзін таму міністр замежных спраў Альсід Джэджэ, які ўваходзіць ва ўрад Гбагбо, заявіў аб пачатку перамоваў з прадстаўнікамі Уатара.

Яшчэ раней сілы Гбагбо абвясцілі аб спыненні агню.

У ноч на аўторак вайсковыя аддзелы, якія на працягу апошніх дзён вялі кровапралітныя баі, абараняючы экс-прэзідэнта Гбагбо і горад за горадам саступаючы прыхільнікам Уатара, саступілі прэзідэнцкую рэзідэнцыю ў Абіджане, найбуйнейшым горадзе краіны.

«Я ў рэзідэнцыі французскага амбасадара, дзе мы вядзем перамовы аб замірэнні», — заявіў міністр у эфіры радыё France International.

Міністр абароны Францыі Жэрар Ланге пасля гэтага заявіў, што крызіс у Кот-д’Івуары будзе вырашаны ўжо ў бліжэйшыя гадзіны.

Кантынгент ААН у гэтым канфлікце ўжыў зброю супраць арміі Гбагбо, пасля таго як міратворцы трапілі пад абстрэл, прычым удары па войсках Гбагбо наносілі ўкраінскія верталётчыкі.

Кот-д'Івуар стаў другой краінай пасля Лівіі, дзе на ўмяшанні настаяла Францыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?