Працэс развіцця туріндустрыі ў Беларусі выходзіць на новы ўзровень, становіцца больш дынамічным і эфектыўным,

заявіў міністр спорту і турызму Алег Качан 6 красавіка на адкрыцці 14-й міжнароднай выставы-кірмашу турысцкіх паслуг "Адпачынак-2010" у нацыянальным выставачным цэнтры "Белэкспа" па вуліцы Янкі Купалы ў Мінску. Арганізатарамі выступаюць НВЦ "Белэкспа" сумесна з Міністэрствам спорту і турызму.

Паводле слоў Качана, выстава актывізуе новыя кірункі турыстычнай дзейнасці, садзейнічае фарміраванню пазітыўнага іміджу Беларусі. Сёлета на кірмашы прадстаўлена больш за 200 кампаній з 20 краін. Акрамя Беларусі, гэта Расія, Украіна, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Вялікабрытанія, Турцыя, Балгарыя, Італія, Чэхія, Грузія, Індыя, Славенія, Малайзія, Ізраіль, Швейцарыя, Куба, Інданезія, Туніс.

Паводле слоў міністра, шырокае кола ўдзельнікаў выставы сведчыць аб зацікаўленасці прадпрымальнікаў у развіцці гэтага віду бізнесу.

Тэматыка выставы ўключае ўсе пытанні, звязаныя з арганізацыяй турызму і адпачынку. На экспазіцыі прадстаўлены наступныя кірункі: падарожжы, экскурсійныя праграмы, транспартныя паслугі, санаторыі, пансіянаты, дамы адпачынку, турыстычныя клубы, гасцінічны сэрвіс, тавары для спорту і адпачынку.

Качан адзначыў, што гэты год звязаны з дзвюма знакавымі падзеямі — святкаваннем 20-годдзя СНД і прызнання Гомеля культурнай сталіцай Садружнасці. "Спадзяюся, што выстава паслужыць дзейсным механізмам развіцця ўнутранага і ўязнога турызму, пашырыць магчымасці прасоўвання нацыянальнага турыстычнага прадукту на знешні і ўнутраны рынкі", — сказаў ён.

Праграма выставы, якая будзе працаваць па 9 красавіка, прадугледжвае прэзентацыі, круглыя сталы, семінары па найбольш актуальных праблемах турыстычнай галіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?