Віцэ-прэм’ер, міністр фінансаў РФ Аляксей Кудрын у пачатку наступнага тыдня заслухае прамежкавы даклад рабочай групы па выдачы крэдытаў Беларусі.

Для падтрымання плацежнага балансу ва ўстойлівым стане ўрад Беларусі звярнуўся да ўрада РФ па стабілізацыйны крэдыт у 1 млрд. долараў і да Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС па крэдыт у 2 млрд. долараў.

«Я буду заслухоўваць прамежкавы вынік у пачатку наступнага тыдня», — прыводзіць РІА Новости заяву Кудрына 6 красавіка ў Дзярждуме Расіі.

Раней кіраўнік расійскага Мінфіна ўказваў, што для атрымання крэдытаў Беларусь павінна будзе выканаць пэўныя ўмовы, звязаныя са структурнымі рэформамі, і гэтыя патрабаванні могуць быць блізкія да ўмоў МВФ. Апрача таго, ставілася пытанне аб адмене валютных абмежаванняў на закупку імпарту, якія звужаюць магчымасці беларускага бізнесу.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, улады Беларусі гатовыя пайсці на скарачэнне дэфіцыту бюджэту з запланаваных 3 да 1,5% ВУП, г.зн. з 6 да 3 трлн. рублёў за кошт скарачэння расходаў. Прадугледжваецца, што ў асноўным зніжэнне дэфіцыту бюджэту будзе дасягнута за кошт скарачэння фінансавання дзяржпраграм на 50%.

Расійскі бок не называе верагодныя тэрміны, калі завершыцца працэс па выдзяленні крэдытаў.

Разам з тым кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч 17 сакавіка па выніках даклада Аляксандру Лукашэнку заявіў: «У нас ёсць усе шанцы, каб у красавіку-маі выйсці на вырашэнне пытанняў па прыцягненні гэтых крэдытаў». Беларусь, зазначыў ён, разлічвае прыцягнуць гэтыя сродкі ў першым паўгоддзі.

У параўнанні з пачаткам 2011 года аб’ём золатавалютных рэзерваў Беларусі скараціўся на 1 млрд. 270 млн. долараў, або на 25%, і на 1 красавіка склаў 3 млрд. 761,3 млн. долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?