«Асобныя краіны Захаду працягваюць палітыку сілавога націску на Рэспубліку Беларусь, спрабуючы задзейнічаць любыя даступныя сродкі», — заявіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных 7 красавіка на брыфінгу.

Цяпер, паводле яго слоў, яны імкнуцца уцягнуць у гэты працэс Арганізацыю бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе. «Група дзяржаў, маніпулюючы працэдурнымі прабеламі ў дакумэнтах АБСЭ, выступіла з ініцыятывай аб накіраваньні ў нашу краіну „місіі дакладчыка“, ня маючы для гэтага падстаў», — заявіў прэс-сакратар МЗС.

Прэс-сакратар таксама заявіў, што рашэньне Беларусі аб закрыцьці офісу АБСЭ ў Менску зьяўляецца канчатковым, і ніякія перамовы па гэтым пытаньні з заходнімі партнэрамі не вядуцца.

6 красавіка Вялікабрытанія і яшчэ 13 краін — членаў АБСЭ — заклікалі Беларусь да супрацоўніцтва зь місіяй міжнародных экспэртаў, якая мусіць сабраць факты для расьсьледаваньня дзеяньняў, зьвязаных са здушэньнем дэманстрацый пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, і наступных падзеяй.

Гэта прапанова была зроблена ў межах схемы АБСЭ, вядомай таксама як «Маскоўскі мэханізм», — паведамляе БелаПАН. — Гэта схема была ўхваленая усімі членамі АБСЭ, уключна зь Беларусьсю, для стымуляцыі захаваньня і павагі да правоў чалавека, асноўных свабодаў і асноў дэмакратыі, вяршэнства закону праз дыялёг і супрацоўніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?