Магчымасці атрымаць уласную кватэру сям’я Класкоўскіх чакала 12 гадоў.

Зараз ім зноўку давядзецца станавіцца ў чаргу на жыллё.

«На сходзе чальцоў кааператыву прынялі рашэнне нас выключыць. Маўляў, у кватэрах ужо пачаліся штукавальныя працы, а вы не здолелі вырашыць фінансавае пытанне», — распавяла «Белсату» Наталля Класкоўская.

Жанчына гаворыць, што генеральную даверанасць ад мужа на адкрыццё крэдытнай лініі затрымаў следчы КДБ. Ён аддаў дакумент, калі сям’ю выключылі з кааператыву.

Наталля літаральна расціснутая тым, што адбылося. Яна гаворыць, што ў чарзе на атрыманне жылля сям’я прастаяла 12 гадоў, апошнія паўтара года — у ільготнай, як шматдзетная. «Нам сказалі, што выйсце зараз адно, зноўку ісці ў выканкам і станавіцца ў чаргу. Аднак папярэдзілі, што пытанне вырашыцца не хутка, бо прэзідэнт даў загад скарачаць жыллёвае будаўніцтва, выносіць яго па-за межы сталіцы», — распавядае Наталля.

У сям’і Класкоўскіх трое малых дзяцей 12, 7 і 2 гады. Сям’я вымушана жыць у невялічкай кватэры сваякоў. Наталля гаворыць, што калі б улады не пераследавалі ейнага мужа, то ўжо ў жніўні сям’я справіла б наваселле.

Удзельнік Плошчы, былы міліцыянт Аляксандр Класкоўскі абвінавачваецца паводле артыкулу аб масавых беспарадках; таксама яго вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і самавольным прысваенні звання ці ўлады службовай асобы (арт. 382 КК). Яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?