У спісе ганаровых дактароў Белдзяржуніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі яго больш няма.
Лідар Лівійскай рэвалюцыі Муамар Кадафі знік са спісу ганаровых дактароў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, размешчанага на сайце навучальнай установы.
Ва ўпраўленні міжнароднага супрацоўніцтва БДУІР «Нашай Ніве» адмовіліся каментаваць прычыну знікнення лідара Джамахірыі з ганаровых спісаў. «Я не буду гэта каментаваць. Вы не першы сёння тэлефануеце», — адзначыла загадчыца ўпраўлення Ганна Цітовіч. Яна сказала, што не разумее, чаму ўсім так цікава, што здарылася з Кадафі. Па яе словах, ёй асабіста больш важны лёс 18 лівійскіх аспірантаў, якія вучацца ў Беларусі і якімі апякуецца ўпраўленне.
Навіна пра тое, што Кадафі атрымаў ганаровага доктара БДУІР «за значны ўклад у развіццё адукацыі і навукі, а таксама за ўмацаванне супрацы між ВНУ Рэспублікі Беларусь і Вялікай Сацыялістычнай Народнай Лівійскай Арабскай Джамахірыі», з’явілася пасля таго як у Лівіі мірныя пратэсты пачалі душыць танкамі і авіяцыяй. У байнэце паўжартам пачалі казаць пра БДУІР, як пра верагоднае месца працы для Кадафі ў выгнанні.