Каманда Лявона Вольскага выпраўляецца ў тур па Беларусі, каб сыграць праграму на вершы беларускіх класікаў і свае лепшыя песні. Спявак забаронаў не баіцца і нават спадзяецца на падтрымку БРСМ.

Спявак вырашыў паказаць сваю сольную праграму «Белая яблыня грому» ва ўсіх абласных цэнтрах. Пачынаеца беларускі тур Вольскага і кампаніі з Гродна і Брэста. Выканаўца пэўны ў тым, што канцэрты пройдуць без перашкодаў: «Няўжо нехта надумае забараніць класіку беларускай паэзіі. Мы наадварот спадзяемся, што настаўнікі школаў павядуць сваіх вучняў на наш выступ, а пярвічная суполка БРСМ будзе актыўна распаўсюджваць квіткі».

У праграму «Белая яблыня грому» ўваходзіць 14 песень на вершы Янкі Купалы, Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча ды іншых паэтаў-класікаў.
«Нашы выступы з „Белай яблыняй…“ — гэта гуманітарная дапамога беларускаму народу. Мы імкнемся зацікавіць людзей беларускай мовай і літаратурай, бо цяпер гэты прадмет у школах выкладаецца зусім не на належным узроўні і фактычна залічаны да неабавязковых», — кажа Лявон Вольскі.
Першыя канцэрты Вольскага адбудуцца ў Гродна (25 красавіка) і Брэсце (28 красавіка).
Пасля музыкі збіраюцца наведацца ў кожны абласны горад, а таксама ў шэраг буйных гарадоў, як Баранавічы, Жлобін ды іншыя. Акром песень з «Белай яблыні» выканаўца збіраецца зайграць свае лепшыя песні з розных музычных праектаў.

Лявон нават не дапускае таго, што правесці выступы могуць перашкодзіць мясцовыя ўлады. У такім разе, на меркаванне выканаўцы, пад забарону трапляе нават не ён разам з камандай, а беларуская літаратура.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?