Нацбанк Беларусі ўнёс прапановы кіраўніцтву краіны адмяніць льготы па абавязковым продажы часткі валютнай выручкі (30%) для напаўнення біржавога валютнага рынку,
паведаміла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» крыніца ў банкаўскіх колах.

«З мэтай павелічэння прапановы замежнай валюты на біржавым рынку Нацыянальны банк выступіў з ініцыятывай адмяніць дзейныя льготы для шэрагу дзяржпрадпрыемстваў-экспарцёраў па абавязковым продажы часткі валютнай выручкі на біржы», — сказала крыніца.

Паводле яе словаў, гаворка ідзе аб буйных дзяржпрадпрыемствах-экспарцёрах, якія маюць значныя аб’ёмы валютнай выручкі. У прыватнасці, такія льготы на сённяшні дзень дадзеныя ААТ «Беларуськалій» і яго трэйдару ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК), што таксама мае эксклюзіўнае права на экспарт азотных угнаенняў. Пры гэтым БКК вызваленая ад абавязковага продажу часткі валютнай выручкі толькі ў дачыненні да экспарту калійных угнаенняў.

Між тым, на льготы, дадзеныя замежным кампаніям-рэзідэнтам СЭЗ, Нацбанк не прэтэндуе, дадала крыніца.

Крыніца праінфармавала, што ва ўмовах дзеяння дадзеных ільгот у распараджэнне НББ паступае толькі 19% валютнай выручкі пры тым, што агульны нарматыў абавязковага продажу складае 30%. У 2010 годзе на біржы ў рамках абавязковага продажу прададзена $6 млрд 147,1 млн. Такім чынам, у гадавым вымярэнні недапаступленне валюты на біржу складае каля $2 млрд.

Па словах крыніцы, у НББ мяркуюць, што павелічэнне прапановы на біржы дазволіць прасунуцца ў бок усталявання раўнаважкага біржавага курсу замежнай валюты ва ўмовах адмовы Нацбанка ад валютных інтэрвенцый.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?