Аргкамітэт Хартыі’97 вызначыў намінантаў Нацыянальнай прэміі ў вобласці абароны правоў чалавека за 2006 год. Гэтая ўзнагарода была заснаваная Хартыяй’97 у 1998 годзе. У намінацыі «За асабістую мужнасць пры абароне правоў чалавека» узнагароджваюцца: абаронцы намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску ў сакавіку 2006 года, былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі, палітвязень Аляксандр Казулін, лідэр «Маладога Фронту», палітвязень Зміцер Дашкевіч, актывістка Беларускага Незалежнага прафсаюза Алена Захожая, вернікі, якія ўдзельнічалі ў галадоўцы ў абарону храма пратэстанцкай царквы «Новае жыццё».

Намёты на Кастрычніцкай плошчы Менска былі ўсталяваныя 19 сакавіка 2006 г. [20 сакавіка – НН]у знак пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. У гэты дзень на вуліцы Менска выйшлі дзесяткі тысяч беларусаў. Моладзь вырашыла заставацца на плошчы кругласутачна і дамагчыся правядзення ў краіне свабодных і справядлівых выбараў. Людзі мужна трымаліся пяцёра сутак, нягледзячы на тое, што былі блакаваныя супрацоўнікамі спецназа, якія ачапілі плошчу і арыштоўвалі людзей, што спрабавалі пранесці ў намётавае мястэчка цёплыя рэчы, коўдры, прадукты і гарачую гарбату. У ноч на 24 сакавіка намётавае мястэчка было знішчанае, сотні чалавек былі збітыя і арыштаваныя.

Былы рэктар Белдзяржуніверсітэта Аляксандр Казулін кінуў выклік Аляксандру Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах, якія адбыліся ў сакавіку гэтага года. У сваім праграмным выступе на тэлебачанні ён падняў такія пытанні, як знікненне і забойствы ў Беларусі лідэраў апазіцыі і журналіста, а таксама існаванне асабістага фонду, у які паступаюць грошы ад продажу Беларуссю зброі. Казулін, актыўны ўдзельнік паслявыбарных акцый пратэсту, быў арыштаваны 25 сакавіка падчас сілавога разгону мірнай дэманстрацыі. У цяперашні час, вось ужо 53 дні, Казулін трымае галадоўку ў выпраўленчай калоніі «Віцьба-3», патрабуючы разгляду ў Радзе Бяспекі ААН сітуацыі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі.

Лідэр незарэгістраванай арганізацыі «Малады Фронт» Зміцер Дашкевіч 1 лістапада быў прысуджаны да 1,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Моладзевага лідэра абвінавацілі ў «дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі». «Маладафронтаўцы» тройчы спрабавалі зарэгістраваць сваю арганізацыю, але атрымоўвалі адмову з боку ўлад. Лідэр «Маладога Фронту» лічыць свой арышт палітычна матываваным, сваёй віны не прызнаў і ў цяперашні час знаходзіцца ў калоніі строгага рэжыму №17 г. Шклова.

Актывістка Беларускага Незалежнага прафсаюза Алена Захожая, якая працуе электраманцёрам на бабруйскім прадпрыемстве “Белшына”, 43 дні трымала галадоўку пратэста. 54-гадовая жанчына абвясціла галадоўку ў адказ на парушэнні правоў прафсаюзаў з боку адміністрацыі “Белшыны”. На працягу гэтага перыяду, за выключэннем некалькіх дзён шпіталізацыі, Захожая працягвала выходзіць на працу.

Больш за 200 вернікаў пратэстанцкай царквы «Новае жыццё» на працягу 23 дзён трымалі «пост-галадоўку», патрабуючы ад менскіх гарадскіх улад вярнуць ім малітоўны дом і зямельны ўчастак. На працягу гэтага перыяду вернікі не пакідалі будынак царквы, мужна адстойваючы свой храм.

Нагадаем, што летась лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі ў вобласці абароны правоў чалавека ў намінацыі «За асабістую мужнасць пры абароне правоў чалавека» сталі лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада), каардынатар Еўрапейскай кааліцыі, палітвязень Мікалай Статкевіч, моладзевы лідэр, палітвязень Павал Севярынец, актывіст апазіцыі, які ўзначальваў парламенцкую групу «Рэспубліка», палітвязень Сяргей Скрабец, дэпутат Вярхоўнага Савета 13 склікання, палітвязень Андрэй Клімаў, прадпрымальнік, палітвязень Мікалай Аўтуховіч; у намінацыі «За адстойванне правоў і свабод чалавека» – Саюз палякаў Беларусі і Нацыянальны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа.

розныя гады лаўрэатамі Нацыянальнай прэміі ў вобласці абароны правоў чалавека станавіліся праваабаронца Валерый Шчукін, жонкі зніклых у Беларусі лідэраў апазіцыі і журналіста Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар, Святлана Завадская, Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, актывіст апазіцыі Уладзімір Плешчанка, абаронцы Курапатаў, музыкальныя гурты «N.R.M.», «Новае неба», журналісты Павал Мажэйка, Мікола Маркевіч, Віктар Івашкевіч, Любоў Лунёва, Юрась Карманаў, Марына Коктыш, Генадзь Барбарыч і іншыя вядомыя грамадскія дзеячы, палітыкі, журналісты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?