8 красавіка следчы па найважнейшых справах Гродзенскай абласной пракуратуры Арсень Мікольскі наведаў Андрэя Пачобута ў ізалятары, дзе ў прысутнасці адваката прад’явіў яму абвінавачанне па адной крымінальнай справе і паведаміў пра распачынанне другой.

Як паведаміў прэс-службе ГА «БАЖ» адвакат журналіста Аляксандр Бярылаў, абвінавачанне выстаўлена па артыкуле «Абраза прэзідэнта РБ» (ч.1 арт. 368 КК), а новая крымінальная справа ўзбуджана за «Паклёп на прэзідэнта РБ» (арт. 367 КК).

Дагэтуль Пачобут быў толькі падазраваным, і толькі па артыкуле за «абразу».

Справу завёў 18 сакавіка 2011 г. пракурор Гродзенскай вобласці Марозаў. Пракуратура палічыла, што Пачобут абражаў кіраўніка дзяржавы на старонках польскай «Gazety Wyborczaj», сайта «Белорусский партизан» і свайго блога poczobut.livejournal.com на працягу 2010—2011 гг.

Новая справа за «паклёп» заведзена 6 красавіка следчым А. Мікольскім.

Па словах адваката, навіна пра ўзбуджэнне чарговай крымінальнай справы не дэзарыентавала журналіста. «Пачуцце ў яго баявое, ён да ўсяго гатовы», — зазначыў А. Бярылаў.

Тэрмін затрымання Пачобута сканчаецца ўвечары 9 красавіка. Калі меру стрымання ў дачыненні да яго не зробяць больш жорсткай, то журналіста маюць вызваліць.

Нагадаем, што ўвечары 6 красавіка Пачобута, які знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе, затрымалі http://baj.by/m-p-viewpub-tid-1-pid-10351.html за намер прыехаць з Гродна ў Мінск. Следства палічыла, што, пакінуўшы месца жыхарства, Пачобут будзе перашкаджаць правядзенню следчых дзеянняў у рамках крымінальнай справы. З ізалятара журналіста маюць вызваліць увечары 9 красавіка.

«Упершыню мы сутыкнуліся з прыцягненнем журналістаў да адказнасці па гэтых артыкулах якраз на Гродзеншчыне — гэта была Маркевіч і Мажэйка, — узгадвае старшыня БАЖ Жанна Літвіна. — Гэта суправаджалася яшчэ і закрыццём газет, такіх як «Пагоня», «Биржа информации»… Прад’яўленне новых абвінавачанняў па крымінальным артыкуле наводзіць на думку пра паталагічную нецярпімасць і неўспрыманне гродзенскімі ўладамі ідэі свабоды слова, незалежнай журналістыкі. У той жа час, адкрытасць і прынцыповасць у прафесійнай дзейнасці, адсутнасць страху ў журналіста — гэта тыя якасці, што выклікаюць вяліку павагу да Андрэя. Менавіта гэтай павагай быў прадыктаваны зварот нашых гродзенскіх калегаў у абласную пракуратуру. Захады, ужытыя да Андрэя Пачобута, яшчэ больш паглыбляюць супрацьстаянне незалежнай журналісцкай супольнасці і дзяржаўных структур».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?