Міністэрства замежных спраў Польшчы абвесціла вынікі конкурса праектаў «Падтрымка беларускага грамадства 2011».
У ім маглі ўдзельнічаць толькі польскія арганізацыі. Супернічалі самыя розныя праекты: універсітэты прапаноўвалі бясплатнае навучанне для беларусаў, прафесійныя саюзы — дапамогу калегам.
Агульная сума выдзеленых сродкаў склала аж 7 мільёнаў злотых. Гэта каля 2,3 мільёнаў у пераводзе на даляры.

Ці азначае, што гэтыя грошы цалкам трапяць у Беларусь ці беларускай апазіцыі? Вядома, не. Па-першае, яны скіраваны на самыя розныя сферы жыцця: ад дапамогі аўтаперавозчыкам на стварэнне галіновага саюза (рэалізуе фундацыя Case) да арганізацыі паездак таленавітых дзяцей у Польшчу (Фундацыя Калегіум Святога Мікалая). Па-другое, Польшча дае гэтыя грошы польскім установам, якія маюць вытрачваць іх у пераважна ў Польшчы. Апошняе неабходна для кантролю за празрыстасцю выдаткоўвання сродкаў.

Тым не менш, такія праграмы даюць вялікую карысць для развіцця незалежнага грамадства ў Беларусі, сувязяў з Еўропай.

У спісе падтрыманых праектаў звяртае на сябе ўвагу праект на паўмільёна злотых, скіраваны на падтрымку развіцця вясковага прадпрымальніцтва ў Беларусі.
Яго мае рэалізаваць Навукова-тэхнічнае таварыства інжынераў і тэхнікаў сельскай гаспадаркі.

Іншы вялікі праект называецца «Паляпшэнне доступу да незалежнай інфармацыі ў рэгіёнах». Яго прапанаваў Усходнееўрапейскі дэмакратычны цэнтр.

Шчодрую падтрымку атрымае і Бюро салідарнасці з дэмакратычнай Беларуссю.
Два яго праекты трапілі ў лік пераможцаў. Гэтае Бюро заснавалі эмігранты з Беларусі, што пераехалі ў Польшчу пасля апошніх выбараў. Сярод іх Юлія Слуцкая, былая дарадца ў кампаніі «Гавары праўду».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?