Днямі выйшаў з друку новы, пяты нумар часопісу «Паміж», які выдаецца навучэнцамі і выкладчыкамі Беларускага калегіюму. Калі папярэднія нумары друкавалі таксама творы маладых беларускіх аўтараў, то пяты нумар цалкам прысьвечаны перакладной літаратуры. Афіцыйна тэма нумару гучыць, як «Адрознасьць».

Нумар адкрывае гутарка стылісткі Сьвятланы Длатоўскай з філёзафам Алесем Анціпенкам пра творчасьць і пераклады. Сп. Анціпенка кажа: «Пераклад – гэта маўленьне аднаго й таго ж на розных мовах. Пераклад – гэта супадзеньне таго, што меў на ўвазе аўтар тэксту, і таго, што зразумеў у ім перакладнік».

Уласна тэкставую частку адкрывае пераклад лекцыі філёзафа Жака Дэрыда «Difference». У літаральным значэньні слова «difference» перакладаецца, як адрознасьць. Пераклад зьдзейсьніла выкладніца калеіюму Вольга Калацкая. У гэтым жа разьдзеле перастварэньні на беларускую мову працаў Хола, Ліятара і Чарана.

Паэтычную частку прадстаўляюць пераклады Марыйкі Мартысевіч з клясыка польскай літаратуры Ільдэфанса Галчынскага, Тацяны Барысюк паэтаў 1980-1990 гг. (Яраслава Івашкевіча, Тадэвуша Ружэвіча, Януша Тамашчыка). Алена Пятровіч пераклала вершы культавага рок-музыкі Джыма Морысана. Мікола Кандратаў заняўся перастварэньнем расейскай клясыкі – Анны Ахматавай, Барыса Пастэрнака, Ігара Севяраніна. Большасьць твораў з гэтага разьдзелу зьявіліся дзякуючы працы «Перакладніцкай майстэрні» Андрэя Хадановіча.

Празаічную частку адкрывае пераклад на беларускую навэлі славенскага пісьменьніка і сцэнарыста Міхі Мацыні «Тутэйшасьць». Дарэчы, творы Мацыні ўпершыню зьявіліся ў кірылічнай графіцы. Пераклад са славенскай зрабіў «нашанівец» Андрэй Кузьнечык.

Ціна Клыкоўская пераклала два апавяданьні ўкраінца Тараса Прахаські. Яшчэ з украінскай літаратуры перакладала Тацяна Ўрублеўская – творы братоў-блізьнюкоў Капранавых. Натальля Куц пераўвасобіла навэлі Ані Самон, пераклады з францускай пісьменьніцы яшчэ ў 2002 г. друкаваліся на старонках «Паміж».

На беларускую мову твор уладальніцы Букера-2000 канадыйкі Маргарэт Этвуд «Сьвінцовы век» пераклала Кацярына Ермакова. Таксама зьмяшчаюцца пераклады з маладых амэрыканскіх пісьменьнікаў Эндру Шона Грыера і Аляксандра Хемана.

Такім нумарам часопіс «Паміж» можа зрабіць істотную заяўку на месца беларускага адпаведніка расейскай «Иностранной литературы», але, каб гэтага сапраўды дасягнуць, то аднаго нумару на год надзвычай мала. Наклад часопісу ўсяго 299 асобнікаў, таму варта дбаць пра яго набыцьцё ўжо зараз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?